Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/07/936797_125874/
Дата раздрукоўкі: 18.06.2018 14:30
07.01.2018 06:00 Грамадства

Праваслаўныя вернікі святкуюць Раство

Мінск, 7 студзеня. Праваслаўныя вернікі Беларусі святкуюць Раство Хрыстова. У ноч з 6 на 7 студзеня ва ўсіх праваслаўных храмах краіны прайшлі ўрачыстыя службы.
Раство ў праваслаўі ўваходзіць у лік 12 найважнейшых святаў пасля Вялікадня. Разам з Рускай праваслаўнай царквой, часткай якой з'яўляецца Беларускі экзархат, 7 студзеня гэтае свята адзначаюць у Грузінскай, Іерусалімскай, Польскай і Сербскай праваслаўных цэрквах, якія трымаюцца юліянскага календара (стары стыль). Астатнія дзесяць памесных цэркваў — Албанская, Александрыйская, Антыяхійская, Болгарская, Кіпрская, Канстанцінопальская, Румынская, Эладская, праваслаўная царква ў Амерыцы і царква Чэшскіх зямель і Славакіі — адзначаюць Раство 25 снежня, згодна з новаюліянскім календаром, які супадае з грыгарыянскім.

Кіраўнік Беларускага экзархата РПЦ мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел у святочным пасланні адзначыў, што "Гасподзь запаведваў нам любіць адзін аднаго, захоўваць царкоўнае адзінства, несці людзям мір Хрыстоў і дабро, быць незласлівымі і цярплівымі, быць руплівымі ў малітве і ў служэнні слабым і абяздоленым".

Паводле слоў мітрапаліта, 2017 год "быў няпростым", але "прынёс і нямала духоўнай радасці". Ва ўсіх епархіях святары і міране займаліся "ўпарадкаваннем епархіяльнай і прыходскай дзейнасці, стварэннем якасна новых прыходаў, якія закліканыя стаць сапраўднымі праваслаўнымі абшчынамі, здольнымі да актыўнага ўдзелу ў царкоўнай місіі". Апрача таго, "шмат увагі надавалася развіццю сацыяльных і асветніцкіх праектаў праваслаўнай царквы".

Найважнейшымі тэмамі, да якіх звярталася БПЦ у 2017 годзе, былі 100-я гадавіна аднаўлення патрыяршаства ў Рускай праваслаўнай царкве, трагічныя падзеі гісторыі ХХ стагоддзя, ганенні на царкву.

Мітрапаліт Павел адзначыў, што летась пачалася падрыхтоўка да "знаходжання святых мошчаў блажэннай Валянціны Мінскай"

"Прыдбанне святых мошчаў блажэннай Валянціны і прынясенне гэтай вялікай святыні ў кафедральны сабор сталіцы Белай Русі горада Мінска стане наймацнейшым жыццесцвярджальным імпульсам, які засведчыць перад кожным з нас, жыхароў беларускай зямлі, вечнае значэнне жыцця чалавека ў веры і вернасці Богу, у імкненні да выканання асноўных прынцыпаў Богам запаведанага Евангельскага закону. Перакананы, што такое сведчанне паслужыць усенароднаму ўмацаванню ў свядомасці і жыцці людзей духоўна-маральных каштоўнасцяў і паспрыяе росквіту нашай Айчыны", — падкрэсліў праваслаўны іерарх.

Кіраўнік БПЦ павіншаваў вернікаў са святам Раства і Новым годам і пазычыў усім "добрага здароўя, міру, дабрабыту і невычэрпнай добрай дапамогі Божай у жыцці, подзвігах і працы на славу святой царквы Хрыстовай, на карысць Айчыны і на дабро ўсім бліжнім і дальнім".

Паводле звестак Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук, прыблізна 80% усіх вернікаў у Беларусі лічаць сябе праваслаўнымі хрысціянамі. Беларускі экзархат Рускай праваслаўнай царквы мае прыкладна паўтары тысячы прыходаў у 15 епархіях. Чатыры з іх — Мінская, Маладзечанская, Барысаўская і Слуцкая — аб'яднаныя ў Мінскую мітраполію. Праваслаўных святароў рыхтуюць Мінская духоўная акадэмія, духоўныя семінарыі ў Мінску і Віцебску, а таксама духоўныя вучэльні (Мінск, Слонім). У Беларускім дзяржуніверсітэце дзейнічае Інстытут тэалогіі. У краіне дзейнічаюць звыш 1,1 тыс. праваслаўных храмаў, больш за 100 будуюцца.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН