Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/08/937072_112230/
Дата раздрукоўкі: 18.06.2018 03:18
08.01.2018 19:58 Эканоміка, Фінансы

Насельніцтва Беларусі ў 2017 годзе прадало банкам на 2,2 млрд долараў наяўнай валюты больш, чым купіла

Мінск, 8 студзеня. Паводле вынікаў 2017 года ў Беларусі захавалася тэндэнцыя чыстага продажу насельніцтвам наяўнай замежнай валюты. Насельніцтва застаецца чыстым прадаўцом 23 месяцы запар, сведчаць звесткі Нацыянальнага банка.
За студзень—снежань мінулага года насельніцтва прадало банкам наяўнай замежнай валюты 7 млрд 210 млн долараў ЗША ў эквіваленце, а купіла ў банкаўскіх установах 4 млрд 989 млн долараў. Такім чынам, чысты продаж наяўнай замежнай валюты фізічнымі асобамі склаў 2 млрд 220 млн долараў.

З улікам безнаяўнай валюты чысты продаж валюты насельніцтвам быў крыху меншы — 1 млрд 758 млн долараў у эквіваленце.

Разам з тым у снежні насельніцтва знізіла чысты продаж валюты да мінімуму: у апошнім месяцы года беларусы прадалі наяўнай валюты ўсяго на 22 млн долараў больш, чым купілі. Раней штомесячныя аб'ёмы чыстага продажу былі прыкладна ў дзесяць разоў большыя.

Насельніцтва выступае чыстым прадаўцом замежнай валюты з пачатку 2016 года. Эканамісты Нацбанка тлумачаць гэта тым, што за кошт раней назапашаных зберажэнняў людзі імкнуцца падтрымліваць спажыванне на больш высокім узроўні, чым можа разлічваць з улікам наяўных даходаў.

На думку экспертаў, у такіх зменах паводзін насельніцтва на валютным рынку прычын можа быць мноства. "На паводзіны фізічных асоб мог паўплываць рост дэвальвацыйных чаканняў у канцы каляндарнага года, павелічэнне рэальных даходаў, якое было адзначанае ўпершыню за шмат месяцаў, зніжэнне працэнтных ставак у эканоміцы, што адбілася на прывабнасці рублёвых укладаў. Ды і валютныя запасы людзей таксама не бяздонныя. Не выключана, што у некага проста скончылася "заначка", — адзначала ў каментары БелаПАН фінансавы кансультант TeleTrade (ТАА "ТэлетрэйдБел") Жанна Кулакова.

За 2016 год насельніцтва прадало наяўнай замежнай валюты на 2,4 млрд больш, чым купіла, і ў цэлым ужо амаль два гады выступае чыстым прадаўцом валюты.

1 чэрвеня 2017 года адмененае патрабаванне рэгістрацыі банкамі пашпартных звестак фізічных асоб, якія набываюць замежную валюту. Рашэнне аб лібералізацыі валютнага рэжыму было прынятае з ініцыятывы Нацбанка з улікам стабільнай сітуацыі на ўнутраным валютным рынку.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН