Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/09/937242_558877/
Дата раздрукоўкі: 18.06.2018 03:14
09.01.2018 20:15 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка: Пад уздзеяннем інфармацыйнага патоку змяняецца светапогляд людзей, усё больш з'яўляецца спакусаў

Мінск, 9 студзеня. Аляксандр Лукашэнка 9 студзеня ўручыў традыцыйныя штогадовыя прэміі "За духоўнае адраджэнне", спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва і "Беларускі спартыўны Алімп".
"Нам з вамі дасталася вялікая духоўная спадчына, — заявіў Лукашэнка на цырымоніі ў Палацы Рэспублікі. — Яна — у прыкладзе праведнага жыцця беларускіх святых, у вялікіх творах народжаных на нашай зямлі паэтаў, мастакоў, музыкаў, дойлідаў. Яна — у духоўным подзвігу народа, які захаваў веру, любоў да Радзімы, павагу да сваёй гісторыі, культуры, нягледзячы на неймаверныя выпрабаванні грозных ваенных часоў і сацыяльныя ўзрушэнні".

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, Лукашэнка канстатаваў, што "ў свеце неспакойна, ідзе нябачная барацьба ў тым ліку і за душу чалавека, з розных бакоў зведваюць напады хрысціянскія асновы маралі, руйнуюцца традыцыйныя сямейныя ўстоі".

"Пад уздзеяннем інфармацыйнага патоку змяняюцца светапогляд і лад жыцця людзей. Усё больш з'яўляецца спакусаў, усё цяжэй берагчы сэрца ад цёмных думак і эмоцый. У пагоні за матэрыяльнымі выгодамі і знешняй мішурой людзі губляюць сапраўдную прыгажосць — унутраны свет добрых пачуццяў і высакародных учынкаў, якімі так славіўся і славіцца наш народ, усё наша славянства", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, "тэлебачанне на карысць рэйтынгаў прывучае гледача да негатыўных навін, скандальным ток-шоу, а сацыяльныя сеткі пазбаўляюць жывых зносін, камп'ютарныя гульні падмяняюць рэальнае жыццё віртуальнай рэчаіснасцю", паведамляе прэс-служба.

"Гэта толькі малая частка тых выклікаў, з якімі сутыкаецца сёння грамадства. І такія рэаліі павольна, але метадычна руйнуюць сістэму традыцыйных маральных каштоўнасцяў. Зараз асабліва важна не выпусціць час, не страціць нашу духоўную сутнасць. Першачарговая ролю ў гэтым, безумоўна, належыць культуры, мастацтву, рэлігіі. Іх уплыў на свядомасць чалавека велізарны. Менавіта гэтыя сферы фармуюць тыя вобразы і ідэалы, на якія многія арыентуюцца і прымаюць як эталон. Таму дзеячы культуры і мастацтва, работнікі сродкаў масавай інфармацыі, духавенства, педагогі і ўсе, каму не абыякава, якім будзе свет, павінны аб'яднаць намаганні дзеля ўмацавання маральных асноў нашага народа", — заявіў афіцыйны лідар.

Свет хутка змяняецца, адзначыў кіраўнікоў дзяржавы. Так, нават пяць гадоў таму ніхто не мог падумаць, што глабальная павуціна так пераверне жыццё чалавецтва ў цэлым, прыводзіць словы Лукашэнкі яго прэс-служба. "І як бы мы гэтай павуціне ні супраціўляліся, яна нас аблытала. Складанасць яе ў тым, што яна нясе для чалавецтва вялікую палёгку: атрыманне ведаў, імгненнасць ведаў, перадачу інфармацыі. Вы паглядзіце, як змяняецца жыццё, у тым ліку і да лепшага. З іншага боку, яна нясе вельмі вялікія праблемы, з якімі мы сёння сутыкнуліся, мы змагаемся з імі, яшчэ часам не навучыўшыся змагацца", — лічыць ён.

Лукашэнка, паведамляе прэс-служба, "заклікаў эліту грамадства, творчых людзей навучыцца самім і навучыць дзяцей правільна карыстацца новымі магчымасцямі, жыць ва ўмовах уплыву і ўздзеяння на розумы і душы людзей глабальнага павуціння".

"Трэба навучыць пачынаючы са школьных гадоў, у сям'і сваіх дзяцей карыстацца многімі крыніцамі, авалодаць шматлікімі ідэямі, каб зрабіць правільныя высновы. Гэта важна для моладзі. Практыка, як нас вучылі з вамі, з'яўляецца крытэрыем ісціны, а практыкі, вопыту ў моладзі не хапае, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — І вось тут мы павінны ім падказаць: ва ўсім сумнявайцеся, бярыце розныя крыніцы, знаёмцеся з рознымі пунктамі гледжання і, грунтуючыся на падказцы і вопыце старэйшых, на сваім вопыце, выбірайце тую, якая сёння адпавядае проста нармальнаму жыццю нашага грамадства".

Лукашэнка заявіў, што ўдзельнікі сённяшняй цырымоніі "робяць свет лепшым і святлейшым", сваёй актыўнай дзейнасцю "ствараюць вакол сябе атмасферу дабра і міласэрнасці". "Адраджаюць старажытныя традыцыі беларускіх майстроў, абуджаюць цікавасць да гістарычных дасягненняў нашых продкаў. Адстойваць сямейныя каштоўнасці, развіваюць дабрачыннасць, выхоўваюць пачуццё патрыятызму ў людзей. Сваім талентам нашы людзі, якія будуць тут (гэта толькі некалькі чалавек), прышчапляюць шчырую любоў да высокага мастацтва. Узнімаючыся на спартыўны Алімп, услаўляюць краіну на сусветным узроўні, абуджаюць у сэрцах пачуццё гонару за свой народ і сваю Радзіму", — канстатаваў беларускі кіраўнік.

Ён таксама выказаў падзяку ўсім удзельнікам навагодняй дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці". "Вы паглядзіце: пачынаючы з каталіцкага Божага Нараджэння і заканчваючы старым Новым годам літаральна ўсё, ад прадпрымальнікаў да дзяржаўных служачых і вайскоўцаў, у дзяцей — і ўчора, і сёння, і заўтра. Гэта выдатна, так павінна быць. Хацелася б, каб не толькі адзін перыяд у гэтым жыцці, — сказаў Лукашэнка. — Я дзякую ўсім, тысячам і тысячам людзей, хто адгукнуўся на гэтую акцыю і пабываў у дзяцей, якія маюць патрэбу ў дапамозе".
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН