Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/10/937371_937372/
Дата раздрукоўкі: 17.11.2019 00:50
10.01.2018 17:06 Эканоміка, Грамадства

Дырэктар кампаніі "АйПаўэр": Завод акумулятарных батарэй у СЭЗ "Брэст" будуецца з захаваннем усіх экалагічных нормаў

Мінск, 10 студзеня. Завод акумулятарных батарэй у СЭЗ "Брэст" узводзіцца з захаваннем усіх экалагічных нормаў, заявіў БелаПАН дырэктар ТАА "АйПаўэр" Сяргей Мельніковіч. "АйПаўэр" займаецца будаўніцтвам прадпрыемства.

Як раней паведамляў БелаПАН, актывісты пачалі збор подпісаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Акцыя праходзіла 6 студзеня ў цэнтры Брэста на пешаходнай вуліцы Савецкай. Паводле слоў аднаго з яе ўдзельнікаў блогера Сяргея Пятрухіна, зварот з подпісамі будзе накіраваны ў Адміністрацыю прэзідэнта, Палату прадстаўнікоў, Брэсцкі аблвыканкам і абласны савет дэпутатаў. "Падпісанты будуць дамагацца прыпынення будаўніцтва акумулятарнага завода. Пра яго ўзвядзенне за чатыры кіламетры ад Брэста людзі даведаліся са СМІ толькі ў канцы снежня 2017 года, хаця рашэнне аб будаўніцтве было прынята даўно, а грамадскія абмеркаванні фактычна не праводзіліся. Апавяшчэнне аб грамадскіх абмеркаваннях было надрукавана ў снежні 2016 года ў брэсцкай раённай газеце "Заря над Бугом", якую мала хто чытае", — сказаў Пятрухін.

Паводле яго слоў, жыхары горада і найбліжэйшых вёсак лічаць, што гэты завод пагражае іх здароўю і пагоршыць экалагічную сітуацыю.

"Мясцовыя жыхары занепакоеныя тым, як праца прадпрыемства адаб'ецца на экалагічнай сітуацыі ў рэгіёне. Гэта занепакоенасць зразумелая, бо яе спараджае недахоп інфармацыі. Магчымасць будаўніцтва завода ўзгадніла дзяржустанова "Брэсцкі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі"(заключэнне № 304т ад 26 снежня 2016 года). Пры гэтым Рэспубліканскі цэнтр дзяржаўнай экалагічнай экспертызы і павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь праводзіў дзяржаўную экалагічную экспертызу праектнай дакументацыі", — растлумачыў Мельніковіч.

Паводле яго слоў, у заключэнні сказана, што акумулятарны завод ТАА "АйПаўэр" з уласнай кацельняй на прыродным газе адпавядае патрабаванням заканадаўства ў галіне аховы атмасфернага паветра, воднага заканадаўства, заканадаўства аб ахове і выкарыстанні расліннага свету, заканадаўства аб нетрах, зямельнага заканадаўства, заканадаўства ў галiне абыходжання з адходамi, у галіне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы, стратэгічнай экалагічнай ацэнкі, ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе.

Акрамя таго, станоўчае рашэнне аб будаўніцтве завода было выдадзена Брэсцкім райвыканкамам, СЭЗ "Брэст" і Дзяржбуднаглядам. Як адзначыў кіраўнік прадпрыемства, інфармаванне грамадскасці аб планаваным праекце ажыццяўлялася да пачатку грамадскіх слуханняў. Публікацыі выходзілі ў рэспубліканскіх і рэгіянальных інфармацыйных агенцтвах яшчэ ў маі 2016 года. З 8 снежня 2016 года па 7 студзеня 2017 года ў адпаведнасці з заканадаўствам праводзілася працэдура грамадскіх абмеркаванняў.

Пры гэтым дырэктар кампаніі адзначыў, што базавая санітарна-ахоўная зона для гэтай вытворчасці складае 500 метраў. Завод ТАА "АйПаўэр" будзе размяшчацца на адлегласці 771 м ад найбліжэйшага паселішча — заходняй ускраіны населенага пункта Хабы. Астатнія населеныя пункты размяшчаюцца далей за 1 км.

Паводле слоў Мельніковіча, вынікі даследаванняў паказалі, што на тэрыторыі жылой зоны і ў межах санітарна-ахоўнай зоны 500 м не будзе перавышана гранічна дапушчальная канцэнтрацыя шкодных рэчываў. Для мінімізацыі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе свінцу на ўсіх крыніцах выкіду ўстанаўліваюцца рукаўныя фільтры са ступенню ачысткі 99,98%, для мінімізацыі ўздзеяння сернай кіслаты — скруберы са ступенню ачысткі 96—98%.

Таксама праект прадугледжвае меры засцярогі ў выпадку ўзнікнення аварыйных сітуацый. На заводзе будуць абсталяваныя спецыяльныя рэзервуары для сернай кіслаты, надзейна абароненыя ад працякання, сказаў дырэктар. Рэшткі свінцовага пылу, які затрымліваецца на фільтрах, будуць збірацца і захоўвацца ў спецыяльных закрытых кантэйнерах.

Каментуючы чуткі аб тым, што на заводзе будуць выкарыстоўвацца састарэлыя тэхналогіі з Кітая, Мельніковіч заявіў: "Завод будзе аснашчаны самым сучасным рабатызаваным тэхналагічным абсталяваннем еўрапейскай і карэйскай вытворчасці. Асноўнымі пастаўшчыкамі абсталявання і тэхналогій з'яўляюцца LaPneumatica (Італія), OMI (Італія), SOVEMA (Італія), Roche (Францыя), Accurate product (Данія, Карэя). Варта адзначыць, што аналагічнае абсталяванне, у тым ліку па арганізацыі экалагічнай бяспекі і аховы навакольнага асяроддзя, выкарыстоўваецца на заводах міжнародных каррпарацый ExideTechnologies і Johnson Controls, лакалізаваных у ЗША, Германіі, Францыі, Польшчы, Італіі і Іспаніі".

Запланавана правядзенне рэгулярных лакальных маніторынгаў стану атмасфернага паветра, сцёкавых вод і глебы па ўсталяваным графіку. У залежнасці ад аб'екта даследаванні будуць праводзіцца ад аднаго разу ў месяц да аднаго разу ў год. Вынікі гэтых замераў будуць падавацца ў органы Мінпрыроды. "Калі ў завода будзе перавышэнне нарматываў выкідаў забруджвальных рэчываў, Мінпрыроды гэта не прапусціць. Згодна з заканадаўствам завод не абавязаны прадстаўляць грамадскасці дадзеныя, атрыманыя ў выніку замераў, але тым не менш прадпрыемства плануе даваць інфармацыю па запыце грамадзян", — сказаў дырэктар кампаніі.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН