Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/15/937885_123546/
Дата раздрукоўкі: 23.08.2019 11:50
15.01.2018 13:29 Грамадства, Палітыка

Палітвязень Міхаіл Жамчужны пераведзены ў памяшканне камернага тыпу

Мінск, 15 студзеня. Палітвязень Міхаіл Жамчужны, які адбывае пакаранне ў калоніі № 9 у Горках Магілёўскай вобласці, пераведзены ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ), паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

З ліста Жамчужнага, які атрымала праваабаронца Таццяна Равяка, стала вядома, што палітвязень 6 студзеня змешчаны ў ПКТ на месяц. Праваабаронцы адзначаюць: пакуль незразумела, ці з'яўляецца гэты крок забеспячэннем яго асабістай бяспекі, якога ён дамагаўся ад адміністрацыі калоніі, ці гэта чарговае спагнанне ў дачыненні да яго.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, 17 студзеня ў Магілёўскім абласным судзе прызначаны разгляд касацыйнай скаргі Жамчужнага на рашэнне суда Горацкага раёна, які адмовіў яму ў задавальненні скаргі на адно з вынесеных адміністрацыяй калоніі спагнанняў.

Палітвязень таксама падаў у суд скаргу на тры спагнанні ў выглядзе змяшчэння ў штрафны ізалятар, падстаў для адмены якіх раней не знайшло ўпраўленне дэпартамента выканання пакаранняў па Магілёўскай вобласці.

Як паведамлялася, Жамчужны ўжо не можа разлічваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленне, бо вынесеныя яму спагнанні не адмененыя.

Праваабаронцы нагадваюць, што спагнанні адміністрацыя калоніі ў Горках пачала выносіць за адмову перайсці ў атрад, сфармаваны са зняволеных з "нізкім" статусам. У сваіх тлумачальных запісках, якія палітвязень падае падчас атрымання спагнанняў, ён указаў прычыны адмоў ісці ў атрад і патрабаваў пераводу ў бяспечнае месца.

Міхаіл Жамчужны — былы дацэнт Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, кандыдат тэхнічных навук, аўтар некалькіх навуковых манаграфій і распрацовак, вынаходнік. Першым у Беларусі зарэгістраваў самаробны аўтамабіль на альтэрнатыўным паліве.

Жамчужны перадаваў звесткі пра ўтрыманне зняволеных у месцах пазбаўлення волі праваабарончай арганізацыі "Платформа". Быў затрыманы ў 2014 годзе. У ліпені 2015 года Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у падбухторванні да наўмыснага раскрыцця звестак, якія складаюць службовую тайну, незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для схаванага атрымання інфармацыі, і даванні хабару. Праваабаронцу прыгаварылі да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда, разгледзеўшы ў кастрычніку таго ж года касацыйную скаргу на прысуд, прызначыла яму больш строгае пакаранне — шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Жамчужны ўтрымліваўся ў калоніі ў Навасадах (Барысаўскі раён, Мінская вобласць), затым у калоніі № 11 у Ваўкавыску (Гродзенская вобласць). 10 ліпеня 2017 года быў пераведзены ў калонію ў Горках.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН