Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/15/937887_110254/
Дата раздрукоўкі: 23.08.2019 11:50
15.01.2018 11:56 Грамадства

Спыненае следства па справе аб забойстве ў Беразіне парадзіхай дзвюх дачок

Мінск, 15 студзеня. Ва ўпраўленні Следчага камітэта па Мінскай вобласці завершанае расследаванне справы аб смерці двух нованароджаных дзяцей і іх маці ў Беразіне.

Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УСК Таццяна Беланог, 29-гадовая жыхарка райцэнтра не была на ўліку па цяжарнасці і не звярталася па медыцынскую дапамогу. 28 верасня 2017 года дома нарадзіла дзвюх дзяўчынак. Жанчына ў цяжкім стане была знойдзеная сваячкай і дастаўленая ў рэанімацыйнае аддзяленне раённай бальніцы. Нягледзячы на намаганні лекараў, праз некаторы час яна памерла ад масіўнай страты крыві.

Следча-аператыўная група ў кватэры парадзіхі, у ванным пакоі ў тазе з вадой, выявіла двух нованароджаных дзяцей без прыкмет жыцця. Паводле вынікаў судова-медыцынскіх экспертыз камісія экспертаў упраўлення Дзяржкамітэта судовых экспертыз па Мінскай вобласці ўстанавіла, што немаўляты нарадзіліся жывымі, даношанымі, жыццяздольнымі, без якіх-небудзь захворванняў і заганаў развіцця. Іх смерць наступіла ад механічнай асфіксіі пры ўтапленні.

З улікам сабраных доказаў дзеянні жанчыны следствам былі кваліфікаваныя на падставе арт. 140 КК (забойства маці нованароджаных дзяцей).

Падчас дадатковых даследаванняў алкаголю ў крыві жанчыны не выяўлена. Праведзеная комплексная судовая псіхолага-псіхіятрычная экспертыза ў дачыненні да загінулай не выявіла ў яе хранічнага псіхічнага захворвання і прыдуркаватасці.

Паводле паказанняў суседзяў, медыцынскіх работнікаў, сваякоў, жанчына пра сваю цяжарнасці нікому не казала. Муж таксама не ведаў пра яе становішча, бо не заўважаў бачных прыкмет. У дзень здарэння ён знаходзіўся ў Мінску на працы.

Да матэрыялаў крымінальнай справы далучаныя медыцынскія дакументы, вынікі службовага расследавання ўпраўлення аховы здароўя Мінскага аблвыканкама, заключэнні комплексных судовых псіхолага-псіхіятрычных экспертыз.

На падставе ўстаноўленых звестак і атрыманых доказаў следства прыйшло да высновы, што жанчына здзейсніла забойства сваіх нованароджаных дзяцей, знаходзячыся ва ўмовах псіхатраўмавальнай сітуацыі, выкліканай родамі.

Папярэдняе расследаванне крымінальнай справы спыненае ў сувязі са смерцю жанчыны (на падставе п. 7 ч. 1 арт. 29 КПК).
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН