Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/15/937903_558014/
Дата раздрукоўкі: 23.08.2019 12:01
15.01.2018 13:15 Грамадства

Суд над актывістам Пятром Маркелавым за несанкцыянаванае "канаплянае калядаванне" адбудзецца 18 студзеня

Мінск, 15 студзеня. Разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні да кіраўніка медыяслужбы грамадскага руху "Дзея" Пятра Маркелава адбудзецца ў судзе Цэнтральнага раёна Мінску 18 студзеня.

Маркелава абвінавачваюць на падставе ч. 3 арт. 23.34 КоАП (паўторнае парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў) за "канаплянае калядаванне", якое прайшло 25 снежня ў цэнтры сталіцы. Летась актывіст ужо прыцягваўся да адказнасці згодна з гэтым артыкулам — ён быў затрыманы 15 сакавіка пасля дазволенай уладамі вулічнай акцыі супраць дэкрэта "аб дармаедах" у Мінску і асуджаны на 12 сутак адміністрацыйнага арышту.

Маркелаў паведаміў БелаПАН, што плануе пайсці ў суд.

"Тое, што было 25 снежня, цяжка назваць акцыяй, гэта было звычайнае калядаванне. Мы зрабілі [замест каляднай зоркі] стылізаваныя канапляныя лісты на палках. Хадзілі і спявалі калядную песню "А ўчора з вячора" з невялікімі зменамі ў тэксце, каб нагадаць людзям аб тым, што існуе праблема 328-га крымінальнага артыкула і неабходная рэформа заканадаўства. Гэта было калядаванне, а не акцыя, бо мы не выказвалі ні палітычных патрабаванняў, не выкрыквалі лозунгаў, мы проста хадзілі і спявалі. Мы прайшлі ад вуліцы Кастрычніцкай да ўніверсама "Цэнтральны", а потым на вуліцу Зыбіцкую і вярнуліся назад, на ўсё пайшла прыблізна гадзіна", — расказаў Маркелаў.

Інфармацыі пра тое, ці распачатыя адміністрацыйныя працэсы ў дачыненні да іншых удзельнікаў акцыі 25 снежня, у яго няма.

"Канаплянае калядаванне" 25 снежня ў цэнтры Мінска было арганізаванае ініцыятывай Legalize Belarus. У межах гэтай кампаніі актывісты грамадскага руху "Дзея" і беларускага руху міжнароднай сеткі Students For Liberty выступаюць за рэформы ў сістэме рэгулявання абароту наркатычных сродкаў і дэкрыміналізацыю артыкула 328 Крымінальнага кодэкса, які, на іх думку, прадугледжвае неапраўдана доўгія тэрміны зняволення за ўжыванне, захоўванне i збыт наркатычных рэчываў.

У кастрычніку мінулага года Legalize Belarus запусціла кампанію "Рэформа 328", у межах якой правяла збор подпісаў пад калектыўным зваротам да ўладаў з патрабаваннем аб заканадаўчым рэфармаванні гэтага артыкула КК. Зварот у Палату прадстаўнікоў і МУС падпісалі больш за 4 тысячы 600 чалавек, аднак дзяржорганы гэтую грамадскую ініцыятыву не падтрымалі.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН