Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/15/937907_550123/
Дата раздрукоўкі: 23.08.2019 12:41
15.01.2018 12:41 Палітыка, Грамадства

Лаўроў спадзяецца, што беларуска-расійскі дагавор аб узаемным прызнанні віз будзе падпісаны найбліжэйшым часам

Мінск, 15 студзеня. Міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў спадзяецца, што Беларусь і Расія падпішуць дагавор аб узаемным прызнанні віз найбліжэйшым часам. Пра гэта Лаўроў заявіў 15 студзеня на прэс-канферэнцыі, прысвечанай вынікам дзейнасці расійскай дыпламатыі ў 2017 годзе.
"Каб мяжа была празрыстая, трэба, каб нашы дзеянні былі сінхранізаваныя. Так што мы цалкам за тое, каб у нас наогул не было ніякіх межаў", — сказаў Лаўроў. "Але калі ва ўмовах, вельмі няпростых для Расіі з пункта гледжання тэрарыстычных пагроз, беларускія сябры літаральна без папярэджання абвясцілі, што грамадзяне 80 краін маюць права без віз уязджаць у Беларусь на некалькі дзён, гэта, вядома жа, унесла некаторы разнабой у сітуацыю", — дадаў ён.

Кіраўнік МЗС растлумачыў, што з некаторымі з гэтых краін у Расіі існуе "візавы рэжым, і досыць сур'ёзныя праверкі праходзяць пасля звароту па візы з боку грамадзян адпаведных дзяржаў". "І атрымлівалася сітуацыя, калі, заехаўшы ў Беларусь, грамадзянін з краіны, для наведвання Расіі якому патрэбная віза, можа абсалютна спакойна ўзяць і перабрацца ў Расію без якой-небудзь праверкі, — сказаў Лаўроў. — Таму мы вымушаныя былі зрабіць тое, што мы зрабілі: папярэдзілі ўсіх, што калі людзі хочуць перамяшчацца з Беларусі ў Расію ў гэтай сітуацыі, то давядзецца для замежнікаў рабіць праверку, а лятаць самалётамі з Беларусі ў Расію замежнікі павінны толькі ў аэрапорты, дзе ёсць міжнародныя пункты пропуску. Гэта відавочныя абсалютна рэчы".

Лаўроў падкрэсліў, што Расія прапанавала Беларусі "аператыўна ўзгадніць дагавор аб узаемным прызнанні віз, які ўжо ў высокай стадыі гатоўнасці". "Спадзяюся, што ён будзе прыняты найбліжэйшым часам. Мы да гэтага гатовыя", — заявіў ён.

11 студзеня на нарадзе па лібералізацыі візавага рэжыму Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу на працягу 2018 года ўрэгуляваць рознагалоссі ў памежнай сферы з Расіяй. Ён таксама адзначыў, што рацыянальныя і цалкам вытлумачальныя дзеянні Беларусі ў частцы лібералізацыі візавага рэжыму для іншаземцаў выклікаюць насцярожанасць у Расіі. "Беларуска-расійская мяжа набыла негалосны статус, як яе часта называюць у інтэрнэце і ўсюды, "самай дзіўнай мяжы ў Еўропе". Расійскі бок без афіцыйнага паведамлення пачаў ажыццяўляць паўнавартасны пашпартны кантроль у дачыненні да ўсіх асоб, якія едуць на аўтамабільным транспарце, а затым — на авія- і чыгуначным", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Адзначыўшы, што расійскі бок зыходзіць нібыта з меркаванняў бяспекі, Лукашэнка дадаў: "Але пра якую бяспеку можа ісці гаворка, калі ў нас сумесныя спісы замежнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы? Ніхто не можа ўехаць, хто знаходзіцца ў гэтых спісах. Хто не знаходзіцца, мае права ўехаць, пакуль не трапіць у гэтыя спісы. Таму ўсялякія адгаворкі і спасылкі на тое, што ў нас нібыта не тое тут робіцца, і таму ўводзіцца мяжа, няслушныя".

Лукашэнка даручыў прадметна абмеркаваць, якія рознагалоссі захоўваюцца з расійскім бокам і якія меры трэба прыняць для іх ліквідацыі. "Паралельна неабходна вырашаць і пытанні рэадмісіі, бо нелегалы едуць да нас у асноўным цераз Расію — пра гэта сведчыць статыстыка. Гэтыя пытанні трэба вырашаць канструктыўна, за сталом перамоў. На працягу 2018 года ўсе пытанні трэба зняць. І жыць нам дастойна, паказваючы прыклад усім ў свеце, як могуць жыць дружалюбныя народы і дзяржавы", — падкрэсліў ён.

З 12 лютага 2017 года ў Беларусі дзейнічае пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзян 80 дзяржаў, якія прыбываюць у краіну цераз нацыянальны аэрапорт Мінск.

У канцы снежня Лукашэнка падпісаў указ аб устанаўленні бязвізавага ўезду да 10 дзён для замежных наведвальнікаў Аўгустоўскага канала, Гродна і Гродзенскага раёна, турысцка-рэкрэацыйнай зоны "Брэст" (Белавежская пушча, Брэст, Брэсцкі, Жабінкаўскі, Камянецкі і Пружанскі раёны Брэсцкай вобласці, Свіслацкі раён Гродзенскай вобласці).

Без віз (да 180 дзён) у Беларусь таксама могуць уязджаць інвестары і іншыя асобы па спісах, складзеных адміністрацыяй індустрыяльнага парка "Вялікі камень". Акрамя таго, дэкрэтам № 8 "Аб развіцці лічбавай эканомікі" ўстанаўліваецца бязвізавы парадак уезду для замежных грамадзян, якія наймаюцца на працу рэзідэнтамі Парка высокіх тэхналогій, а таксама для заснавальнікаў рэзідэнтаў ПВТ.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН