Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/16/938063_220147/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2020 09:57
16.01.2018 11:51 Грамадства

У Гомелі будзе слухацца справа аб злачынствах падлеткаў супраць чужой уласнасці, грамадскага парадку і маральнасці

Мінск, 16 студзеня. Пракуратура Гомельскай вобласці накіравала ў суд Цэнтральнага раёна Гомеля крымінальную справу аб злачынствах групы непаўналетніх супраць чужой уласнасці, грамадскага парадку і маральнасці.

Як паведамляе Генеральная пракуратура, следствам устаноўлена, што маладыя людзі з дапамогай перапіскі ў сацыяльных сетках прапаноўвалі пэўным жыхарам (з нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыяй) Гомеля сустрэцца, як правіла, на прыпынках грамадскага транспарту ці побач з рынкам. Пасля сустрэчы патэнцыйную ахвяру пад пагрозай прымянення гвалту адводзілі ў месцы, дзе іх супрацьпраўным дзеянням не маглі перашкодзіць трэція асобы. Далей непаўналетнія, груба парушаючы грамадскі парадак, выказваючы відавочную непавагу да грамадства і агульнапрынятых правілаў паводзін, дзейнічаючы з выключным цынізмам, выказвалі на адрас пацярпелых звесткі, якія дыскрэдытуюць іх і якія тыя жадалі б захаваць у таямніцы, пагрозы прымянення гвалту.

Аднаму пацярпеламу пасля абразаў і нанясення пабояў часткова пагалілі галаву і аблілі яе зялёнкай, іншаму — налілі гэты раствор на рукі і прымусілі нанесці на твар.

Дзеянні абвінавачаных у гэтай частцы кваліфікаваныя як злоснае і асабліва злоснае хуліганства на падставе чч. 2 і 3 арт. 339 КК.

Асобным удзельнікам групы таксама ставяць у віну крадзяжы (чч. 1 і 2 арт. 205 КК), рабаванні (ч. 1 арт. 206 КК), вымагальніцтва (ч. 1 арт. 208 КК), распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў і выяў з выкарыстаннем інтэрнэту (ч. 2 арт. 343 КК).
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239