Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/16/938070_445566/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 16:29
16.01.2018 12:31 Грамадства

Мінскія следчыя ўпершыню накіравалі ў суд крымінальную справу ў дачыненні да стваральніка фінансавай піраміды

Мінск, 16 студзеня. У Мінску следчыя органы ўпершыню расследавалі і накіравалі ў суд крымінальную справу ў дачыненні да стваральніка фінансавай піраміды.

Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Мінску Марына Дранькова, 25-гадовы пінчанін са студзеня 2015 года па верасень 2016-га кіраваў беларускай веткай кампаніі KairosTechnologiesLTD, якая займалася нелегальным прыцягненнем грашовых сродкаў насельніцтва.

Грамадзяне давалі частку жорсткага дыска сваіх камп'ютараў у арэнду і аплачвалі ўступны ўзнос — ад 125 да 2.777 долараў ЗША. Пасля гэтага ўкладчыкі атрымлівалі штомесячны даход у 20% ад унесенай сумы нібыта за захоўванне зашыфраванай інфармацыі буйных карпаратыўных кліентаў. Пры гэтым выплаты ажыццяўляліся за кошт новых "інвестараў" кампаніі.

Аплачаная арэнда часткі жорсткага дыска з'яўлялася асновай "легенды", паводле якой дзейнасць кампаніі ажыццяўлялася выключна ў IT-сферы. Пры гэтым па надзейнасці, хуткасці доступу і цане прапанаваная паслуга не магла канкураваць з аналагічнымі прадуктамі буйных кампаній. Гэты факт пацвярджаецца заключэннем камп'ютарна-тэхнічнай экспертызы, праведзенай цэнтральным апаратам Дзяржкамітэта судовых экспертыз.

Офіс арганізацыі зарэгістраваны ў Вялікабрытаніі, а непасрэдныя куратары беларускага фігуранта працавалі ва Украіне. Падчас асабістых сустрэч ён атрымліваў рэкамендацыі па развіцці веткі на прынцыпе "піраміды Понцы", калі даходы больш ранніх інвестараў забяспечваюцца за кошт сродкаў, атрыманых ад пазнейшых інвестараў, з элементамі сеткавага маркетынгу. У перапісцы ў сацыяльных сетках з замежнымі кампаньёнамі пінчанін называў гэтую схему "прапашча-затхлай".

Пры гэтым ён на сваёй асабістай старонцы пазіцыянаваў сябе паспяховым бізнесменам, які мае неабмежаваныя матэрыяльныя магчымасці.

Малады чалавек праводзіў яркія прэзентацыі, семінары і акцыі з прыёмамі, разлічанымі на прадстаўнікоў сярэдняга класа, якія не маюць ведаў у галіне эканомікі. На кожным мерапрыемстве ён пераконваў прысутных у легальнасці дзейнасці кампаніі, што ў сукупнасці з прадуманай стратэгіяй маскіроўкі дазволіла ёй функцыянаваць на працягу доўгага часу. Падчас праверкі дачыненне іншых асоб, якія займалі ніжэйшыя прыступкі ў іерархіі, да заведама супрацьпраўнай дзейнасці не знайшло свайго пацвярджэння.

Ветка структуры падследнага налічвала 108 укладчыкаў, сумарны даход склаў звыш 320.000 рублёў. Яшчэ прыблізна 250 беларусаў уваходзілі ў каманду лідараў з замежных дзяржаў, матэрыялы ў дачыненні да якіх вылучаныя ў асобную вытворчасць.

Дзеянні абвінавачанага кваліфікаваныя на падставе ч. 3 арт. 233 КК (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць, спалучаная з прыцягненнем грашовых сродкаў, электронных грошай грамадзян, калі выплата даходу або вяртанне грашовых сродкаў, электронных грошай ажыццяўляюцца поўнасцю ці часткова за кошт прыцягнутых грашовых сродкаў, электронных грошай іншых грамадзян, з атрыманнем даходу ў асабліва буйным памеры, учыненая арганізаванай групай).

Да абвінавачанага прымененая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. На яго маёмасць накладзены арышт.

Матэрыялы справы перададзеныя пракурору для вывучэння.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239