Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/16/938180_938181/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 08:07
16.01.2018 18:29 Палітыка

Ярмошына: Прынцыпова важна развесці па часе прэзідэнцкую і парламенцкую кампаніі

Мінск, 16 студзеня. Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына лічыць "прынцыпова важным" развесці па часе прэзідэнцкую і парламенцкую кампаніі, якія маюць адбыцца. Пры гэтым, заявіла яна ў каментары БелаПАН, у выпадку прызначэння датэрміновых выбараў "парламент не распускаецца, як і прэзідэнт не будзе датэрмінова складаць паўнамоцтвы".
У адпаведнасці з заканадаўствам чарговыя прэзідэнцкія выбары павінны прайсці не пазней за 30 жніўня 2020 года, выбары ў Палату прадстаўнікоў — не пазней за 10 верасня 2020 года. У сувязі з гэтым Ярмошына ўжо не раз заяўляла, што адна з гэтых выбарчых кампаній можа прайсці датэрмінова — у другой палове 2019 года, але не канкрэтызавала, якая менавіта.

Палітолаг і юрыст Юрый Чавусаў раней у інтэрв'ю БелаПАН завастрыў увагу на тым, што пытанне правядзення датэрміновых парламенцкіх выбараў прапісана ў Канстытуцыі і падстаў для такога рашэння нягуста. У прыватнасці, арт. 94 гаворыць, што паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў могуць быць датэрмінова спынены пры адмове ў даверы ўраду, выказванні вотуму недаверу ўраду, двухразовай адмове ў дачы згоды на прызначэнне прэм'ер-міністра, а таксама на падставе заключэння Канстытуцыйнага суда ў выпадку сістэматычнага або грубага парушэння палатамі парламента Канстытуцыі.

У той жа час Ярмошына лічыць, што ў выпадку прызначэння датэрміновых парламенцкіх выбараў аб роспуску парламента гаварыць не варта. "Парламент не распускаецца, як і прэзідэнт не будзе датэрмінова складаць паўнамоцтвы. Пройдуць датэрміновыя выбары. Калі гэта будуць парламенцкія, то пасля правядзення першай ўстановачнай сесіі новага парламента складаюцца паўнамоцтвы старога. Да прапісанага ў Канстытуцыі гэта не мае ніякага дачынення, гэта асобная працэдура", — сказала яна.

Ярмошына таксама лічыць прынцыповым развесці кампаніі, бо іх сумяшчэнне можа "сапраўды дэстабілізаваць" становішча ў краіне. Такая сітуацыя, адзначыла яна, "разгойдвае палітычнае жыццё, абвастрае ўсе супярэчнасці, якія існуюць у грамадстве, — і палітычныя, і эканамічныя".

Таму, дадала яна, да сумяшчэння выбараў "трэба заўсёды ставіцца вельмі асцярожна".
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239