Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/17/938252_205784/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 07:23
17.01.2018 11:34 Эканоміка

Лукашэнка ўхваліў праект пагаднення аб маркіроўцы тавараў сродкамі ідэнтыфікацыі ў ЕАЭС

Мінск, 17 студзеня. Аляксандр Лукашэнка ўхваліў праект пагаднення аб маркіроўцы тавараў сродкамі ідэнтыфікацыі ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Адпаведны ўказ ад 15 студзеня № 16 "Аб праекце міжнароднага дагавора" апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Міністэрства па падатках і зборах ўпаўнаважанае на правядзенне перагавораў па праекце пагаднення, пры неабходнасці можа ўносіць у яго змены, якія не маюць прынцыповага характару. Урад упаўнаважаны на падпісанне дакумента.

Праект пагаднення савет Еўразійскай эканамічнай камісіі ухваліў 6 кастрычніка 2017 года і накіраваў на подпіс кіраўнікам дзяржаў — членаў ЕАЭС. Дакумент прадугледжвае ўвядзенне агульнай для краін — удзельніц саюза сістэмы маркіроўкі розных відаў тавараў для барацьбы з кантрафактам. Згодна з праектам, савет ЕЭК будзе прымаць рашэнні аб маркіроўцы асобных тавараў на падставе пададзеных у камісію заявак ад дзяржаў. Прадугледжваецца стварэнне адзінага рэестра сродкаў ідэнтыфікацыі. Маркіроўка тавараў, што ўвозяцца, будзе рабіцца да мытнага афармлення, вытворцы прадукцыі павінны будуць маркіяваць яе перад транспартаваннем і рэалізацыяй. З 2016 года ў ЕАЭС праводзіцца саюзны эксперымент па маркіроўцы футравых вырабаў RFID-меткамі.

Праект дакумента выклікаў крытыку з боку беларускіх бізнес-саюзаў, таму што прапанаваныя меры прывядуць да павелічэння выдаткаў малога бізнесу. Як паведаміў старшыня РГА "Перспектыва" Анатоль Шумчанка, індывідуальныя прадпрымальнікі да абмеркавання пытання аб увядзенні такой сістэмы не прыцягваліся.

У межах падрыхтоўкі агульнай сістэмы ў ЕАЭС Беларусь працуе над увядзеннем нацыянальнай сістэмы нагляду за таварамі. Так, у сакавіку 2017 года МПЗ апублікавала праект указа прэзідэнта "Аб стварэнні нацыянальнай сістэмы прасочвання". Праектам прадугледжваецца ўвядзенне для арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў абавязковага складання таварна-транспартных і таварных накладных толькі ў выглядзе электронных дакументаў пры абарачэнні асобных груп тавараў, пералік якіх будзе вызначаць урад.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239