Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/17/938354_938355/
Дата раздрукоўкі: 19.10.2019 12:24
17.01.2018 20:40 Грамадства, Культура

Адну з вуліц у Калінінградзе могуць назваць імем Францыска Скарыны

Мінск, 17 студзеня. У гэтым годзе адной з вуліц Калінінграда (Расія) могуць прысвоіць імя беларускага першадрукара Францыска Скарыны, паведамляе інфармацыйны цэнтр міжнароднага грамадскага аб'яднання "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына".

Па ініцыятыве Калінінградскага таварыства беларускай культуры на VII з'ездзе беларусаў свету, які ў ліпені мінулага года ў Мінску правяла "Бацькаўшчына", быў прыняты зварот да мэра гэтага расійскага горада з просьбай назваць адну з вуліц імем Скарыны з нагоды 500-годдзя ўсходнеславянскага кнігадрукавання. Акрамя таго, у 1530 годзе беларускі асветнік па запрашэнні герцага Прусіі Альбрэхта Брандэнбурга працаваў у Кёнігсбергу (Каралеўцы) — сённяшнім Калінінградзе.

Гарадская тапанімічная камісія разгледзела зварот "Бацькаўшчыны" на пасяджэнні ў снежні 2017 года. Кіраўніцтва грамадскага аб'яднання атрымала адказ, у якім гаворыцца, што, на думку членаў камісіі, "з мэтай умацавання культурных і эканамічных сувязяў Беларусі і Калінінградскай вобласці варта надаць у 2018 годзе імя Францыска Скарыны вуліцы ў жылым квартале, які будуецца ў раёне вуліц Пархоменкі і Левітана".

"Заключэнне тапанімічнай камісіі накіравана на разгляд і зацвярджэнне ў гарадскі савет дэпутатаў Калінінграда. Спадзяемся, што гарсавет зацвердзіць такі падыход, і ў хуткім часе вуліца імя Скарыны з'явіцца ў Калінінградзе", — гаворыцца ў паведамленні інфацэнтра "Бацькаўшчыны".
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН