Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/17/eu_eu_938257_778899/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 15:51
17.01.2018 11:41 Эканоміка, Фінансы, Беларусь — Eўрасаюз

Нямецкая кампанія Polipol Holding плануе інвеставаць у стварэнне вытворчасці мяккай мэблі ў Беларусі 20 млн еўра

Мінск, 17 студзеня. Нямецкая кампанія Polipol Holding Gmbh плануе інвеставаць у стварэнне вытворчасці мяккай мэблі ў Беларусі 20 млн еўра. Як паведаміла прэс-служба канцэрна "Беллеспаперапрам", такая дамоўленасць прадугледжаная пагадненнем паміж канцэрнам і кампаніяй, падпісаным 16 студзеня на міжнароднай спецыялізаванай выставе мэблі і дызайну інтэр'ераў imm соlogne 2018, якая праходзіць 15—18 студзеня ў Кёльне.

Пагадненне замацавалі подпісамі старшыня канцэрна Юрый Назараў і ўладальнік Polipol Holding Gmbh Герд Хемерлінг.

Плануецца, што прадукцыя, вырабленая ў Беларусі, будзе рэалізоўвацца на еўрапейскі рынак. Задзейнічаць у вытворчасці прадугледжваецца беларускіх работнікаў, якія пройдуць навучанне ў нямецкіх спецыялістаў.

Як адзначыла прэс-служба, падпісанне гэтага пагаднення — вынік сустрэч і перамоў паміж канцэрнам і нямецкай кампаніяй. Прадстаўнікі Polipol Holding некалькі разоў наведалі Беларусь, вывучылі магчымасці і ўмовы для стварэння мэблевай вытворчасці, разгледзелі розныя прапановы і пляцоўкі для размяшчэння фабрыкі. У якасці прыярытэтнай вызначаная вытворчая база ААТ "Івацэвічдрэў", дзе запланаванае стварэнне мэблевага кластара. На прадпрыемстве ёсць памяшканні, уся інфраструктура, камунікацыі і прыдатныя ўмовы для размяшчэння мэблевага кластара.

Кіраўнікі вядучых мэблевых прадпрыемстваў Беларусі на чале са старшынёй "Беллеспаперапрама" Юрыем Назаравым наведваюць выставу ў Кёльне з мэтай вывучэння патэнцыялу нямецкага мэблевага рынку і правядзення перамоў аб арганізацыі ў наступным годзе на пляцоўцы imm соlogne кансалідаванай выставачнай экспазіцыі беларускіх вытворцаў мэблі. Акрамя таго, падчас візіту адбудзецца шэраг сустрэч беларускай дэлегацыі з прадстаўнікамі нямецкіх кампаній — плануецца абмеркаваць пытанні гандлёва-эканамічнага, вытворчага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва.

У склад беларускай дэлегацыі ўвайшлі кіраўнікі прадпрыемства "Івацэвічдрэў", холдынгавай кампаніі "Пінскдрэў", "Маладзечнамэблі", "ЗОВ-ЛенЕўрамэблі", гомельскай мэблевай фабрыкі "Прагрэс" і "Мінскпраектмэблі".

Polipol Holding Gmbh уваходзіць у лік вядучых вытворцаў мяккай мэблі ў Еўропе і актыўна працуе па ўсім свеце. Налічвае больш за 5 тыс. супрацоўнікаў у Германіі і за мяжой. Гадавы абарот складае больш за 400 млн еўра. Кампанія вырабляе мяккую мэблю для дома, офісаў, канферэнц-залаў, адкрытых пляцовак і іншую — прыблізна 400 мадэляў.

Выстава imm соlogne ўпершыню была праведзеная ў 1949 годзе і з таго часу арганізуецца ў Германіі штогод. Яна прымае экспанентаў з усяго свету на 280.000 кв. м. Па колькасці і геаграфіі ўдзельнікаў з imm cologne могуць канкураваць толькі Парыжскі мэблевы салон (Францыя) і Міланскі мэблевы салон (Італія). Удзельнікі выставы кожны год паказваюць вялікую колькасць новых мадэляў, частка якіх у наступныя гады пойдуць у масавую ці абмежаваную вытворчасць.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239