Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/18/938485_125478/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 07:47
18.01.2018 14:13 Палітыка, Эканоміка

Макей: Цэнтральны апарат МЗС скарочаны на траціну, замежныя ўстановы — на 15%

Мінск, 18 студзеня. Цэнтральны апарат МЗС паводле вынікаў аптымізацыі скарочаны на траціну, паведаміў журналістам міністр замежных спраў Уладзімір Макей 18 студзеня пасля рабочай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

"Скарачэнне ўжо адбылося. Цэнтральны апарат скарочаны прыкладна на траціну. І замежныя ўстановы на 15%", — цытуе Макея БелТА.

Паводле яго слоў, з кіраўніком дзяржавы падыходы да аптымізацыі дзейнасці МЗС і сістэмы дыпламатычнай службы ў цэлым былі ўзгодненыя раней. "Была пастаўленая задача працаваць не колькасцю, а ўменнем. У выніку на сённяшні дзень цэнтральны апарат МЗС значна скарочаны, — сказаў Макей. — Але гэта ні ў якой ступені не дазваляе казаць пра тое, што эфектыўнасць дзейнасці знізілася. Наадварот, мы выбудавалі структуру нашага цэнтральнага апарату такім чынам, што гэта дазваляе эфектыўна вырашаць тыя задачы, якія ставіць кіраўнік дзяржавы".

Макей адзначыў, што сёлета плануецца аптымізаваць працу беларускіх замежных устаноў, некалькі будуць скарочаныя.

Паводле слоў міністра, будзе нададзена больш увагі працы ў тых краінах, узаемадзеянне з якімі прыносіць большую аддачу. "Таму кіраўнік дзяржавы быў праінфармаваны аб падыходах адносна далейшага ўдасканалення працы нашых замежных устаноў. Гэтыя падыходы ўхваленыя, і даручана надаваць асаблівую ўвагу працы ў апорных пунктах на ўсіх кантынентах", — сказаў Макей.

Ён паведаміў, што Беларусь закрые генконсульствы ў Адэсе, Гданьску і Мілане.

"Мы спынім працу яшчэ двух нашых замежных устаноў у некаторых краінах. Зараз рыхтуюцца адпаведныя рашэнні", — сказаў міністр.

Пры гэтым Макей адзначыў, што прапрацоўваецца адкрыццё новых пасольстваў у адной з краін Афрыкі і ў Еўропе. "Але ўсё гэта за кошт нашых унутраных рэсурсаў, а не павелічэння колькаснага складу дыпламатычнай службы, — сказаў чыноўнік. — Мы не такая маштабная краіна, як Расія ці Кітай. Мы павінны вызначыцца дакладна са спісам тых краін, узаемадзеянне з якімі прынясе для Беларусі большую аддачу. Гэты спіс быў складзены даўно. Але зараз мы старанна прааналізавалі нашу працу, узаемадзеянне, супрацоўніцтва з гэтымі краінамі за мінулы перыяд і разумеем, што нам трэба ўдасканаліць некаторыя акцэнты".

Макей удакладніў, што пасля скарачэння ў Беларусі будзе 66 замежных устаноў у 56 краінах.

Ён паведаміў. што Лукашэнка даручыў у кантэксце аптымізацыі распрацаваць сістэму маральнага стымулявання супрацоўнікаў дыпламатычнай службы. "Мы працуем над гэтым. У наступным годзе плануецца адзначыць 100-гадовую гадавіну з дня стварэння дыпламатычнай службы Беларусі. Прэзідэнт даручыў унесці канкрэтныя прапановы наконт гэтага", — сказаў Макей.

Татьяна Коровенкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239