Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/18/938499_447012/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 06:16
18.01.2018 14:27 Эканоміка, Грамадства

Пуцін заклікаў калег па ЕАЭС разам працягваць ліквідацыю бар'ераў, выключэнняў і абмежаванняў

Мінск, 18 студзеня. Захоўваючы пераемнасць у працы, важна разам з партнёрамі па інтэграцыі працягваць устараняць бар'еры, выключэнні і абмежаванні, якія перашкаджаюць фармаванню агульнай эканамічнай прасторы. Пра гэта гаворыцца ў звароце Уладзіміра Пуціна да кіраўнікоў дзяржаў — членаў Еўразійскага эканамічнага саюза ў сувязі з прыняццем Расійскай Федэрацыяй 1 студзеня 2018 года старшынства ў органах ЕАЭС. Зварот апублікаваны на сайце расійскага прэзідэнта.

"Нам трэба актывізаваць намаганні па стварэнні адзіных рынкаў тавараў і паслуг, забяспечыць умовы для свабоднага руху капіталу і працоўнай сілы. Імкнуцца да правядзення ўзгодненай палітыкі ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Развіваць імпартазамяшчэнне, вытворчую і тэхналагічную кааперацыю. Ажыццяўляць буйныя праекты па мадэрнізацыі транспартнай інфраструктуры, выбудоўванні эфектыўных лагістычных ланцужкоў, павышэнні транзітнага патэнцыялу саюза", — гаворыцца ў звароце.

На думку Пуціна, неабходна паскорыць рэалізацыю агульнай "лічбавай павесткі" саюза. Ён заклікаў партнёраў каардынаваць дзеянні па развіцці інтэрнэт-эканомікі, фармаванні агульных правіл вядзення лічбавага гандлю, адзіных стандартаў абмену інфармацыяй і яе аховы; укараняць высокія тэхналогіі ў дзяржаўнае кіраванне, прамысловасць, сістэмы мытнага рэгулявання, іншыя сферы; запускаць сумесныя канкурэнтаздольныя, інавацыйныя і навукаёмістыя вытворчасці.

"Варта больш актыўна падключаць да інтэграцыйных ініцыятыў дзелавыя колы — буйны бізнес і, што асабліва важна, прадстаўнікоў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Больш эфектыўна задзейнічаць для фінансавання міждзяржаўных праектаў, якія маюць моцны інтэграцыйны эфект, рэсурсы Еўразійскага банка развіцця і Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця", — адзначаецца ў звароце.

Прэзідэнт Расіі лічыць важным працягваць курс на збліжэнне валютна-фінансавай і грашова-крэдытнай палітыкі дзяржаў — членаў ЕАЭС і стварэнне ў перспектыве адзінага фінансавага рынку. Асаблівую ўвагу, на яго думку, варта надаць пытанням павышэння ўзроўню даверу да банкаўскай сістэмы, абароны інтарэсаў грамадзян і дзяржаў ад дзеянняў, звязаных з легалізацыяй злачынных даходаў і фінансаваннем тэрарызму.

Пуцін лічыць, што добрыя магчымасці для нарошчвання сувязяў паміж краінамі пяцёркі ёсць у такіх галінах, як атамная энергетыка, аднаўляныя энергакрыніцы, экалогія, медыцына, космас, турызм, спорт. "Зараз гэтыя напрамкі ўзаемадзеяння ў межах ЕАЭС практычна не ахопленыя, але цікавасць да іх даволі высокая — і з боку бізнесу, і з боку насельніцтва. Таму, як уяўляецца, нам варта было б ўшчыльную заняцца гэтымі тэмамі ў шматбаковым, саюзным фармаце", — адзначыў прэзідэнт РФ.

"Маем намер зрабіць акцэнт на далейшым паглыбленні міжрэгіянальнага і памежнага супрацоўніцтва дзяржаў — членаў ЕАЭС. Тым самым мы нададзім дадатковы імпульс інтэграцыйным працэсам, забяспечым больш цесную кааперацыю на ўзроўні рэгіёнаў краін-членаў", — запэўніў Пуцін.

Ён таксама прапанаваў больш увагі надаваць сацыяльна-гуманітарнай сферы. "Адзначу важнасць садзейнічання вышэйшым навучальным установам нашых краін у наладжванні паміж імі сувязяў, рэалізацыі сумесных навучальных і навуковых праграм, пашырэнні студэнцкіх абменаў, павышэнні акадэмічнай мабільнасці", — падкрэсліў Пуцін.

На думку прэзідэнта Расіі, "ключавое значэнне для забеспячэння развіцця Еўразійскага эканамічнага саюза мае падтрыманне цеснага, узаемавыгаднага супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі і інтэграцыйнымі аб'яднаннямі".

Ён нагадаў, што з 2016 года паспяхова функцыянуе зона свабоднага гандлю з В'етнамам. "Разлічваем на пазітыўныя вынікі перамоў па стварэнні ЗСГ, якія вядуцца зараз з Егіптам, Ізраілем, Індыяй, Іранам, Сербіяй і Сінгапурам", — заявіў Пуцін.

Ён адзначыў вялікія перспектывы ў падпісанні пагаднення аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве паміж ЕАЭС і КНР. "Перакананы, ЕАЭС і кітайская ініцыятыва "Адзін пояс, адзін шлях" могуць эфектыўна дапаўняць адзін адну. Мяркуем мэтазгодным вывучыць магчымасці больш глыбокага спалучэння фарматаў саюза і Садружнасці Незалежных Дзяржаў, некаторыя краіны-ўдзельніцы якой маглі б стаць назіральнікамі пры ЕАЭС", — адзначыў Пуцін.

"Хацеў бы асобна падкрэсліць неабходнасць унутранай "дадатковай наладкі" ЕАЭС, забеспячэння ўсёабдымнага і безумоўнага выканання ўсімі дзяржавамі-членамі саюзных норм і ўзятых на сябе абавязацельстваў — нават калі гэта прадугледжвае карэктаванне нацыянальнага заканадаўства. Толькі праз уніфікацыю нарматыўна-прававых баз мы зможам дамагчыся правільнага і эфектыўнага функцыянавання адзіных рынкаў, гарантаваць свабоду перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталаў і працоўнай сілы", — лічыць расійскі кіраўнік.

Пуцін перакананы, што "далейшае паглыбленне еўразійскай інтэграцыі дазволіць павысіць дабрабыт грамадзян, будзе спрыяць захаванню культурнай, гістарычнай і сацыяльнай супольнасці народаў краін саюза".
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239