Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/18/938614_938615/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2020 14:26
18.01.2018 19:51 Эканоміка, Фінансы, Грамадства

Падатковыя органы плануюць адкрыць да канца года ў Беларусі больш за дзясятак цэнтраў абслугоўвання плацельшчыкаў

Мінск, 18 студзеня. Яшчэ больш за дзясятак цэнтраў абслугоўвання плацельшчыкаў маюць намер адкрыць падатковыя органы ў Беларусі ў 2018 годзе.

Як паведамляе прэс-служба ўрада, прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў 18 студзеня наведаў цэнтр абслугоўвання плацельшчыкаў на базе інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Заводскім раёне Мінска. Яму прадэманстравалі, як дзейнічае мадэль абслугоўвання падаткаплацельшчыкаў з выкарыстаннем электроннай чаргі і ў чым перавагі новага фармату працы.

Міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка праінфармаваў, што рашэнне пра рэбрэндынг падатковай службы прынята ў 2016 годзе, тады быў адкрыты першы цэнтр абслугоўвання плацельшчыкаў на базе інспекцыі МПЗ па Маскоўскім раёне Мінска. "Механізм узаемадзеяння выбудоўваецца па-новаму: абслугоўванне пабудавана з дапамогай электроннай чаргі, і, што асабліва важна, мы адышлі ад замацавання суб'ектаў гаспадарання за інспектарамі — ІП ці юрыдычная асоба ўзаемадзейнічаюць са свабодным ў гэты момант кампетэнтным спецыялістам. Гэта немалаважны аспект і ў прафілактыцы карупцыйных злачынстваў", — дадаў ён.

На сённяшні дзень у Беларусі ўжо працуюць 11 такіх цэнтраў. У месяц у кожным з іх абслугоўваюцца каля 4 тысяч плацельшчыкаў. У планах — адкрыць да канца года ў краіне яшчэ не менш за 11 цэнтраў у Мінску, абласных і буйных раённых цэнтрах: Бабруйску, Оршы, Баранавічах.

"Гэта дазволіць нам у найбліжэйшай будучыні перайсці да экстэрытарыяльнага прынцыпа абслугоўвання, калі плацельшчык не будзе прывязаны асабліва да сваёй інспекцыі, а зможа ажыццяўляць працэдуры там, дзе яму зручна", — расказаў міністр.

Кіраўніку ўрада прэзентавалі магчымасці электронных сэрвісаў на сайце Міністэрства па падатках і зборах, а таксама мабільны дадатак для плацельшчыкаў. Пакуль ён працуе толькі для аперацыйнай сістэмы Android, але да канца года павінен быць даступны і для iOS. Кабякоў даручыў прапрацаваць варыянты стварэння платформы, дзе быў бы даступны максімальны набор плацяжоў — не толькі падатковых, але і, напрыклад, у сферы страхавання.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239