Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/19/938733_938735_12345/
Дата раздрукоўкі: 09.12.2019 11:44
19.01.2018 13:51 Спорт, Эканоміка

Усе тры экіпажы МАЗа ўвайшлі ў дзясятку лепшых на 12-м этапе "Дакара"

Мінск, 19 студзеня. Усе тры экіпажы каманды "МАЗ-СПОРТаўта" завяршылі 12-ты этап ралі-рэйду "Дакар" ў першай дзясятцы. Самы лепшы час у беларусаў паказаў Сяргей Вязовіч, які фінішаваў шостым, паведамілі ў ААТ "МАЗ".

У 12-м ралі-заездзе гоншчыкі сутыкнуліся з камяністымі адрэзкамі, рэчышчамі рэк і прамывінамі, якія засталіся пасля праліўных дажджоў. Этап уключаў два хуткасныя ўчасткі агульнай працягласцю 523 км.

"Сяргей Вязовіч добра стартаваў, але не рызыкаваў, каб захаваць высокі вынік у агульным заліку. Другі спецучастак апынуўся забойным для машыны — перш за ўсё яе падвескі, якую наладзілі для хуткай дарогі. Хлопцы моцна выматаліся, а недзе за 100 км да фінішу ў хмызняку прабілі кола, у выніку страцілі каля 10 хвілін на яго замену, — распавялі ў кампаніі velcom, якая забяспечвае камандзе мабільную сувязь. — За 30 км да фінішу "ляцеў" Эдуард Нікалаеў, які вядзе суперніцтва на секунды з аргенцінцам Федэрыкам Вілаграм. Мяркуючы па ўсім, барацьба будзе напружанай на апошніх двух этапах. Сёлета з кожным новым заездам гонка робіцца ўсё больш складанай".

Вязовіч паказаў на этапе шосты час — 7 гадзін 28 хвілін. Пераможцам заезду стаў галандзец Тоні ван Генугтэн на Iveco, які апярэдзіў беларусаў на 26 хвілін. У агульным заліку мазаўскі экіпаж займае трэцюю пазіцыю і прайграе лідару гонкі Эдуарду Нікалаеву з "КАМАЗ-майстра" 3 гадзіны 26 хвілін. Аргенцінец Федэрыка Вілагра адстае ад расіяніна ўсяго на адну секунду.

Аляксей Вішнеўскі завяршыў этап на восьмым радку. Яго час — 7 гадзін 37 хвілін, адставанне — 35 хвілін. У генеральнай класіфікацыі экіпаж знаходзіцца на 15-м месцы, прайграючы расіяніну 41 гадзіну 30 хвілін.

Аляксандр Васілеўскі паказаў дзясяты час — 7 гадзін 41 хвіліну, адстаўшы ад пераможцы этапу на 39 хвілін. У абсалютным заліку экіпаж захоўвае 14-ю пазіцыю з розніцай у 24 гадзіны 28 хвілін у параўнанні з вынікам лідара марафону.

Спецучастак 13-га этапу расцягнецца на 369 км і будзе ўключаць як выдмы, так і "феш-феш" — зыбучыя пяскі, падобныя на сумесь цэменту. Перадапошні этап будзе поўны "пастак", на якіх можна страціць час і, адпаведна, пазіцыі ў турнірнай табліцы.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН