Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/19/938738_887412/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2019 17:59
19.01.2018 14:41 Грамадства

Следчы камітэт Мінскай вобласці завяршыў расследаванне ў дачыненні да мужчыны, які гвалтаваў малалетніх дачок

Мінск, 19 студзеня. Следчы камітэт Мінскай вобласці завяршыў расследаванне крымінальнай справы аб злачынствах супраць палавой недатыкальнасці, учыненых жыхаром Мінскай вобласці ў дачыненні да дзвюх дачок, паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення СК Таццяна Беланог.

Мужчына на працягу некалькіх гадоў па месцы жыхарства неаднаразова здзяйсняў супрацьпраўныя дзеянні, калі заставаўся з імі сам-насам.

Улічваючы ўзроставыя і сацыяльна-псіхалагічныя асаблівасці пацярпелых, на працягу ўсяго папярэдняга расследавання з дзецьмі пастаянна працаваў спецыяліст, паведаміў СК.

Згодна з заключэннем псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы, падследны мог усведамляць фактычны характар і грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў.

На падставе сабраных звестак і доказаў яму выстаўленае абвінавачанне згодна з ч. 2 арт. 166 (згвалтаванне) і чч. 2, 3 арт. 167 (гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару) Крымінальнага кодэкса.

Мера стрымання, прымененая да абвінавачанага з пачатку следства, не змянялася — ён знаходзіцца пад вартай. Крымінальная справа перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд.

Як адзначыла Беланог, УСК надае асаблівую ўвагу расследаванню злачынстваў у дачыненні да сацыяльна неабароненых груп грамадзян, асабліва дзяцей. "Абарона здароўя і інтарэсаў дзяцей — гэта прадмет пільнай увагі і адно з самых важных напрамкаў у следчай працы", — адзначыла яна.

Летась следчымі Мінскай вобласці былі распачатыя 187 крымінальных спраў аб злачынствах супраць недатыкальнасці і палавой свабоды, учыненых у адносінах да непаўналетніх і малалетніх (артыкулы 166—169 КК). За здзяйсненне такіх злачынстваў прадугледжанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі да 15 гадоў.

Аналіз следчай працы паказаў, што гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару ў дачыненні да дзяцей, як правіла, здзяйснялі члены сям'і ці знаёмыя з імі па родзе сваёй дзейнасці.

Як адзначылі ў СК, дзеці з-за ўзросту не заўсёды ўсведамлялі, што з імі робяць дарослыя, а таксама замоўчвалі тое, што з імі здарылася, бо залежалі ад гвалтаўнікоў ці былі запалоханыя. З-за гэтых прычын факты гвалту ў дачыненні да дзяцей становяцца вядомымі толькі праз час.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН