Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/19/eu_eu_938756_102058/
Дата раздрукоўкі: 22.05.2018 07:36
19.01.2018 14:49 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

МЗС ФРГ аб пераносе перамоў па Украіне: Важнае дасягненне прагрэсу, а не абмеркаванне месца кансультацый

Мінск, 19 студзеня. У МЗС Германіі лічаць другарадным пытанне пераносу перамоў па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне з Мінска, заявіў на брыфінгу ў Берліне прадстаўнік МЗС ФРГ Райнер Бройль.

Паводле яго слоў, важным з'яўляецца дасягненне прагрэсу ў выкананні мінскіх дамоўленасцей, а не абмеркаванне месца правядзення далейшых кансультацый.

"Я не хачу ацэньваць асобныя прапановы. Для нас важнае тое, што дапамагае прасунуцца наперад ва ўрэгуляванні, і другараднае тое, дзе гэта будзе праходзіць", — цытуе Бройля ТАСС.

18 студзеня на прэс-канферэнцыі паводле вынікаў пасяджэння Савета бяспекі ААН у Нью-Ёрку прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў паведаміў, што прапанова перанесці перамовы з Мінска прагучала ад прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. "Мінск-1 застопарыўся, у тупіку", — сказаў Назарбаеў і дадаў, што "ўвогуле гэта першапачаткова павінна было быць у Казахстане". Дамовіліся, што ў гэтым напрамку будзем працаваць, заўважыў Назарбаеў. Паводле яго слоў, адным з асноўных пытанняў можа стаць увядзенне "блакітных касак" у Данецк і Луганск.

Чарговыя, першыя ў 2018 годзе, перамовы трохбаковай кантактнай групы аб урэгуляванні сітуацыі ва Украіне адбыліся ў Мінску 18 студзеня. Паводле іх вынікаў спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ ў кантактнай групе Марцін Сайдзік паведаміў, што бакі канфлікту абмяркоўваюць перспектывы далейшага абмену палоннымі. Згодна з яго словамі, першы за 15 месяцаў паспяховы абмен палоннымі, які адбыўся 27 снежня, сведчыць пра тое, што "пры наяўнасці палітычнай волі бакі канфлікту могуць прыйсці да згоды нават у самых складаных пытаннях". Сайдзік падкрэсліў, што з моманту апошняй сустрэчы кантактнай групы прайшоў амаль месяц, але праца ў гэты перыяд не спынялася.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН