Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/21/938751_938752/
Дата раздрукоўкі: 14.12.2019 09:01
21.01.2018 10:17 Грамадства, Эканоміка

У 2017 годзе Мінскі метрапалітэн перавёз на 6,8 млн пасажыраў менш, чым у 2016-м

Мінск, 21 студзеня. У 2017 годзе паслугамі Мінскага метрапалітэна скарысталіся 284,2 млн пасажыраў, у тым ліку Маскоўскай лініяй — 164 млн (57,7% агульнага пасажырапатоку), Аўтазаводскай — 120,2 млн (42,3%), паведаміла прэс-служба метро.

Для параўнання: у 2016 годзе пасажырапаток склаў 291 млн. Такім чынам, за мінулы год метро скарысталіся на 6,8 млн пасажыраў менш.

У сярэднім у суткі ў мінулым годзе метрапалітэн перавозіў 778,5 тыс. пасажыраў (у 2016-м — 800 тыс.), з іх 449,2 тыс. — па Маскоўскай лініі і 329,3 тыс. — па Аўтазаводскай.

Пік пасажырскіх перавозак у метро ў 2017 годзе прыйшоўся на кастрычнік — 28,3 млн чалавек, а менш за ўсё пасажыраў зафіксавана ў ліпені — 19,7 млн.

Самымі запатрабаванымі станцыямі Маскоўскай лініі нязменна застаюцца "Плошча Леніна", "Плошча Якуба Коласа" і "Уручча", дзе зафіксавана адпаведна 56,6 тыс., 47,6 тыс. і 46,8 тыс. пасажыраў у суткі. На чацвёртую па рэйтынгу станцыю — "Акадэмію навук" — штодня ўваходзяць 39,2 тыс. чалавек, на "Малінаўку", якая займае пяты радок, — без малога 35,3 тыс.

Найменшая колькасць пасажыраў зафіксаваная на станцыях "Грушаўка" і "Міхалова" — 13,9 тыс. і 14,5 тыс.

Сярод станцый Аўтазаводскай лініі ўпэўнена першынствуе (як і ў цэлым па метрапалітэне) "Каменная Горка" са штодзённымі 59,2 тыс. пасажыраў. На другую па наведвальнасці "Магілёўскую" заходзілі ў сярэднім 40 тыс. пасажыраў, трэці радок — у "Нямігі" з 36,1 тыс. пасажыраў у суткі.

Традыцыйна на гэтай жа лініі самыя нізкія вынікі пасажырапатоку на станцыях "Купалаўская" (5,6 тыс.) і "Першамайская" (8,5 тыс.).

У пераднавагодні дзень, 31 снежня, паслугамі падземкі скарысталіся без малога 314 тыс. мінчан і гасцей сталіцы, а ў навагоднюю ноч (з поўначы і да 4 раніцы) цягнікамі метро скарысталіся 60 тыс. пасажыраў. Не пуставала метро і ў першы дзень новага года, перавёзшы 209 тыс. пасажыраў. У навагоднюю ноч праз турнікеты станцыі "Няміга", якая выводзіла мінчан да пляцоўкі самых масавых навагодніх гулянняў каля Палаца спорту, прайшлі каля 15 тыс. чалавек.

Эксплуатацыйная даўжыня дзвюх ліній Мінскага метрапалітэна ў двухпутным вылічэнні складае 37,285 км з 29 станцыямі, з іх 15 станцый размешчаныя на 1-й (Маскоўскай) лініі і 14 — на 2-й (Аўтазаводскай) лініі метрапалітэна. Штодня па дзвюх лініях метрапалітэна прапускаецца больш за тысячу цягнікоў. Інвентарны парк вагонаў складае 361 адзінку, з якіх сфарміраваныя 72 пяцівагонныя саставы.

Сярэдняя эксплуатацыйная хуткасць цягнікоў Мінскага метрапалітэна (з улікам прыпынкаў) — 40,9 км/г. Пры гэтым рух цягнікоў у гадзіну пік ажыццяўляецца з мінімальным інтэрвалам — у сярэднім кожныя дзве хвіліны.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН