Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/21/938907_558741/
Дата раздрукоўкі: 19.08.2019 12:43
21.01.2018 13:58 Грамадства

У Мінску адкрыюць яшчэ адзін аўтобусны маршрут да новага медцэнтра ў Ждановічах — з мікрараёна Захад-3

Мінск, 21 студзеня. У Мінску з 1 лютага будзе арганізаваная праца яшчэ аднаго новага аўтобуснага маршрута — ён звяжа мікрараён Захад-3 і Рэспубліканскі клінічны медыцынскі цэнтр у Ждановічах, паведамілі ў дзяржустанове "Сталічны транспарт і сувязь".

Па будных днях будзе хадзіць гарадскі аўтобус № 189Э Захад-3 — РКМЦ з рухам па вуліцах Лабанка, Кунцаўшчына, Казіміраўская, МКАД, аўтадарозе Р28, вуліцах Паркавая (аграгарадок Ждановічы), мясцовым праездзе да РКМЦ. І назад: мясцовы праезд, вуліца Паркавая, праспект Пераможцаў, МКАД, вуліцы Прытыцкага, Лабанка.

Як паведамлялася раней, гарадскі аўтобус № 190э па маршруце вакзал — РКМЦ пачаў хадзіць 11 студзеня па будных днях і суботах.

Новы медцэнтр у Ждановічах пабудаваны ўзамен Рэспубліканскага клінічнага цэнтра ў Мінску. На нарадзе 7 снежня Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў, каб у новым медцэнтры абслугоўваліся не толькі дзяржслужачыя, але і звычайныя грамадзяне. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што раней у Мінску задумвалася "будаўніцтва велізарнай бальніцы", кошт якой "вагаўся ад 300 да 500 млн еўра ў залежнасці ад абсталявання". Аднак замест гэтага было вырашана "пабудаваць меншую бальніцу", паралельна перадаўшы сталіцы РКМЦ Кіравання справамі прэзідэнта з абсталяваннем.

"Мы, пабудаваўшы кампактны, невялікі медыцынскі цэнтр, сэканомілі прыблізна 400 млн еўра, — заявіў Лукашэнка. — Мною было прынятае рашэнне пабудаваць меншую бальніцу, а гэтую велізарную (РКМЦ. — БелаПАН.) перадаць гораду з усім абсталяваннем, персаналам. Не схаваю: была пастаўленая задача на базе гэтага цэнтра стварыць суперсучасную бальніцу, дзе будуць адпрацоўвацца найноўшыя тэхналогіі. Абслугоўвацца там будуць тры-чатыры тысячы дзяржслужачых, астатнія — звычайныя грамадзяне, людзі, якія з савецкіх часоў знаходзяцца на ўліку, якія заслужылі абслугоўвацца ў такім цэнтры. Так ва ўсіх дзяржавах прынятае".

"Калі цябе не задавальняе абслугоўванне ў нейкай мінскай бальніцы, ты можаш прыйсці, заплаціць грошы — бо не па месцы будзеш абслугоўвацца — і абслужыцца тут. Што, у нас мала багатых людзей, якія сёння гатовыя заплаціць грошы і правесці нейкія даследаванні, каб усталяваць дакладны дыягназ?" — дадаў ён.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН