Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/23/939239_12345/
Дата раздрукоўкі: 01.10.2020 18:58
23.01.2018 11:10 Грамадства

Прадпрымальнік, які абвінавачваецца па справе аб гібелі роўпджампера ў Соснах, прыгавораны да трох гадоў пазбаўлення волі

Мінск, 23 студзеня. 23 студзеня ў судзе Заводскага раёна Мінска абвешчаны прысуд па справе аб гібелі роўпджампера ў Соснах.

Індывідуальны прадпрымальнік Аляксей Нікітчанка, які арганізаваў з 2016 года скачкі з трубы, прызнаны вінаватым у прычыненні смерці па неасцярожнасці, і ў адпаведнасці з ч. 1 арт. 144 КК яму прызначанае пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Такое ж пакаранне для абвінавачанага 20 студзеня запытвала дзяржабвінавачанне.

Пацярпелым — бацьку і сястры загінулага — абвінавачаны павінен выплаціць на дваіх 90 тыс. рублёў матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды.

18 чэрвеня мінулага года ў пасёлку Сосны ў выніку скачка з пляцоўкі трубы кацельні, размешчанай на вышыні 70 метраў, загінуў жыхар Салігорска Яўген Лапановіч 1990 года нараджэння. Каля 16 гадзін роупджампер ўпаў на зямлю на вачах у відавочцаў, у тым ліку сваёй нявесты. На скачок з трубы хлопец атрымаў падарункавы сертыфікат.

Падчас следства стала вядома, што індывідуальны прадпрымальнік, які арганізаваў экстрэмальныя скачкі ў Соснах, мае дазвол на від дзейнасці "іншыя будаўнічыя работы, якія патрабуюць спецыяльных прафесій", г.зн. на прамысловы альпінізм. Трубу кацельні ІП арандуе з 2016 года.

На следстве і ў судзе сваю віну ў тым, што здарылася, прадпрымальнік не прызнаў. "Выкарыстоўваючы свае спецыяльныя веды і навыкі, з мэтай пазбегнуць крымінальнай адказнасці, ён выстаўляў розныя версіі здарэння і хаваў спосабы і акалічнасці фіксацыі тых ці іншых вераўчаных канструкцый. Ісціну следства ўсталёўвала па аб'ектыўных даных — запісах з квадракоптара, тэлефона, выніках эксперыменту і іншых", — паведамляў СК.

На падставе атрыманых звестак падчас следчага эксперыменту былі адноўленыя абстаноўка і абставіны падзення, у тым ліку з выкарыстаннем манекена.

Прыгавор суда ў законную сілу не ўвайшоў і можа быць абскарджаны.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239