Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/23/939242_12345/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 08:59
23.01.2018 11:34 Палітыка

Лукашэнка: Беларусь гатова да абмеркавання любых праблем і пытанняў з АБСЕ

Мінск, 23 студзеня. Беларускі бок гатовы да абмеркавання любых праблем і пытанняў з АБСЕ, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са спецыяльным прадстаўніком Парламенцкай асамблеі АБСЕ па Усходняй Еўропе Кентам Харстэдам 23 студзеня ў Мінску.
Ён падзякаваў суразмоўцу за разуменне, праяўленае ў адносінах да Беларусі, а таксама запэўніў, што Беларусь і надалей будзе добрай апорай у цэнтры Еўропы для АБСЕ.

"Што тычыцца бяспекі еўрапейскай, рэгіянальнай, вы ведаеце нашы адносіны да многіх рэчаў, тэндэнцый у Еўропе. Вы ведаеце нашы адносіны да пытанняў бяспекі, вайны і міру, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта. — Мы і далей будзем прытрымлівацца гэтай пазіцыі. І, паверце, для АБСЕ мы будзем добрай апорай тут, у цэнтры Еўропы, і мы будзем рабіць усё, каб у нашым агульным еўрапейскім доме быў мір і парадак".

Кіраўнік дзяржавы заявіў аб неабходнасці "тэрмінова нешта рабіць" для зніжэння напружанасці ў Еўропе. "Мы прапанавалі абмеркаваць у якасці варыянту, падысці да нейкага "Хельсінкі-2", каб вядучыя краіны планеты, якія ўваходзяць у АБСЕ, селі за стол перамоваў і абмеркавалі далейшыя дзеянні па зніжэнні напружанасці на еўрапейскім кантыненце", — нагадаў Лукашэнка.

Пры гэтым ён адзначыў, што фармулёўка "Хельсінкі-2" не абавязковая, і новы перамоўны працэс можна сфармуляваць неяк інакш. Аднак менавіта "Хельсінкі-2" было б зразумелым працягам ранейшага працэсу, лічыць Лукашэнка.

Ён запэўніў Харстэда ў тым, што беларускія ўлады будуць мець "вельмі добрыя адносіны" з АБСЕ. "Мы гатовыя да абмеркавання любых праблем і пытанняў, — падкрэсліў Лукашэнка. — І вы абсалютна можаце ні з кім не абмяркоўваць, не саромецца і задаваць самыя нявыгадныя, з вашага пункту гледжання, пытанні нам, мне, нашым уладам, асобным людзям, міністрам, якім вы лічыце патрэбным задаваць гэтыя пытанні. Мы будзем іх абмяркоўваць, будзем на іх рэагаваць".

"Умова адна: мы — суверэнная незалежная краіна, і як любая іншая краіна, як і ваша родная Швецыя, мы не можам пагадзіцца ці дапусціць, каб нас дзесьці штурхалі ў спіну, пануквалі намі, вучылі нас", — дадаў ён. Паводле слоў Лукашэнкі, у Беларусі гатовыя нечаму вучыцца. "А вось павучаць — мы гэта ўспрымаем, як і любая іншая краіна, негатыўна", — заявіў прэзідэнт.

Кент Харстэд знаходзіцца ў Беларусі з візітам з 22 па 24 студзеня. Гэта першы візіт Харстэда ў Беларусь на пасадзе спецпрадстаўніка ПА АБСЕ. Асноўнай яго мэтай з`яўляецца абмеркаванне рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ па паляпшэнні беларускага выбарчага заканадаўства.

22 студзеня спецпрадстаўнік ПА АБСЕ сустрэўся з кіраўніком ЦВК Ярмошынай, кіраўніцтвам парламента і прадстаўнікамі апазіцыі.

Апошні раз Харстэд наведваў Мінск у ліпені 2017 года для ўдзелу ў працы летняй сесіі ПА АБСЕ. Падчас парламенцкіх выбараў у Беларусі ў 2016 годзе ён каардынаваў працу місіі кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЕ.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239