Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/23/939309_225841/
Дата раздрукоўкі: 19.08.2019 12:46
23.01.2018 15:22 Палітыка, Грамадства

Еўрасаюз заклікае Беларусь змяніць вынесеныя смяротныя прысуды

Мінск, 23 студзеня. Еўрасаюз чакае ўвядзення ў Беларусі мараторыя на смяротнае пакаранне і замены ўжо вынесеных прысудаў на больш мяккія, гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Маі Качыянчыч.
"Еўрапейскі саюз цвёрда і прынцыпова выступае супраць смяротнага пакарання, якое з'яўляецца жорсткім і бесчалавечным, зневажае годнасць, парушае права на жыццё, — сказала Качыянчыч. — Пакаранне смерцю не дзейнічае як фактар стрымлівання злачыннасці і робіць памылкі, непазбежныя ў любой прававой сістэме, незваротнымі. Мы чакаем, што смяротныя прысуды ў Беларусі — адзінай краіне ў Еўропе, якая ўсё яшчэ прымяняе смяротнае пакаранне, — будуць замененыя на больш мяккія і што ў Беларусі будзе ўведзены мараторый на смяротную кару ў якасці першага кроку да яе адмены".

Напярэдадні з заклікам увесці ў Беларусі мараторый на прымяненне вышэйшай меры пакарання і памілаваць асуджаных да смяротнага пакарання выступіў генеральны сакратар Савета Еўропы Торб'ерн Ягланд. "Два новыя смяротныя прысуды, вынесеныя 20 студзеня Мінскім гарадскім судом, з'яўляюцца вельмі трывожнай падзеяй, — сказаў ён. — Мы зноў заклікаем беларускія ўлады ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку да яго адмены. Мы заклікаем улады не прыводзіць у выкананне гэтыя два прысуды і памілаваць іншых асуджаных да смяротнага пакарання. Смерць не з'яўляецца справядлівасцю".

20 студзеня калегія па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда пасля паўторнага разгляду справы аб забойстве ў снежні 2015 года маладой пары ў доме на вуліцы Алібегава ў сталіцы і мужчыны ў пасёлку Калодзішчы (Мінскі раён) вынесла прысуд. Першапачаткова прыгавораныя да пажыццёвага зняволення Аляксандр Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарка пасля паўторнага разгляду асуджаныя на смяротнае пакаранне з канфіскацыяй маёмасці. Яны абвінавачаныя ў забойстве трох чалавек, разбоі, крадзяжы дакументаў.

Гэта першыя два смяротныя прысуды, вынесеныя ў Беларусі ў 2018 годзе. У 2017 годзе ў краіне былі вынесеныя тры смяротныя прысуды, адзін — прыведзены ў выкананне.

За апошнія 20 гадоў у Беларусі было расстраляна больш за 400 асуджаных да вышэйшай меры пакарання. Толькі аднаго з асуджаных кіраўнік дзяржавы памілаваў.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН