Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/23/939337_587456/
Дата раздрукоўкі: 23.08.2019 11:50
23.01.2018 16:50 Грамадства, Палітыка

Суд прыняў новае рашэнне аб канфіскацыі тэхнікі "Белсата"

Мінск, 23 студзеня. Суд Першамайскага раёна Мінска 23 студзеня прыняў рашэнне аб канфіскацыі часткі тэхнікі, адабранай падчас вобыску вясной 2017 года ў мінскім офісе польскага тэлеканала "Белсат", які вяшчае на Беларусь. Такое рашэнне прыняла суддзя Анастасія Папко, паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Суд таксама пастанавіў аштрафаваць тэлеаператара Алеся Любенчука на 40 базавых велічыняў (980 рублёў) за парушэнне аўтарскіх правоў на таварны знак. "Думаю, што ўсім зразумела: гэта справа не аб аўтарскіх правах або таварным знаку, а аб свабодзе слова і цэнзуры", — пракаментаваў рашэнне суда аператар.

Як паведамлялася, 31 сакавіка 2017 года ў двух мінскіх офісах "Белсата" міліцыя з санкцыі пракуратуры правяла вобыскі, сярод іншага былі канфіскаваныя чатыры стацыянарныя кам'ютары, сем ці восем манітораў, пяць ноўтбукаў. Як паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама, "у пачатку сакавіка 2017 года ў Першамайскае РУУС г. Мінска паступіла заява ад праваўладальніка таварнага знака BELSAT (зарэгістраваны грамадзянінам Рэспублікі Беларусь у 2001 годзе) аб сістэматычным парушэнні яго выключных правоў на аб'ект інтэлектуальнай уласнасці". "У выніку праведзеных праверачных мерапрыемстваў супрацоўнікамі міліцыі ўсталяванае кола асоб, якія выкарыстоўваюць згаданы таварны знак, парушаючы арт. 9.21 КоАП Рэспублікі Беларусь (парушэнне аўтарскага права, сумежных правоў і права прамысловай уласнасці). Для правядзення неабходных працэсуальных дзеянняў па месцах іх знаходжання праведзеная канфіскацыя аўдыя- і відэатэхнікі, камп'ютарнага абсталявання , — адзначалася ў паведамленні. ГУУС нагадала, што "4 верасня 2014 года судовай калегіяй па справах інтэлектуальнай уласнасці Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь прынятае рашэнне аб забароне выкарыстання таварнага знака BELSAT на тэрыторыі Беларусі без адпаведнай згоды праваўладальніка".

10 кастрычніка мінулага года суд Першамайскага раёна аштрафаваў аператара Аляксандра Баразенку, які супрацоўнічае з тэлеканалам, на 40 базавых велічыняў (920 рублёў), прызнаўшы яго вінаватым на падставе арт. 9.21 КоАП (парушэнне аўтарскіх, сумежных і патэнтных правоў). Яго тэхніка таксама была канфіскаваная.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН