Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/23/939361_939362/
Дата раздрукоўкі: 19.08.2019 12:45
23.01.2018 18:05 Грамадства, Эканоміка

У Берліне затрыманы бізнесмен Юрый Авяр`янаў

Мінск, 23 студзеня. У Германіі затрыманы бізнесмен Юрый Авяр`янаў, абвешчаны ў міжнародны вышук, паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік Генеральнай пракуратуры Беларусі Дзмітрый Брылёў.
"Пакет дакументаў на выдачу быў падрыхтаваны Генпракуратурай 12 кастрычніка і накіраваны нямецкаму боку, таму што была інфармацыя, што асоба знаходзіцца на тэрыторыі гэтай дзяржавы. Гэтая інфармацыя пацвердзілася. 18 студзеня ён быў затрыманы, а 21 студзеня ўзяты пад варту на падставе рашэння аднаго з раённых судоў Берліна з мэтай выдачы. Экстрадыцыйным матэрыялам будзе дадзена прававая ацэнка. Гэта пачатак працэдуры экстрадыцыі. Гэта ўсё няхутка", — паведаміў Брылёў.

Юрый Авяр`янаў — адзін з першых беларускіх бізнесменаў і доларавых мільянераў. Яго асноўнымі актывамі з`яўляюцца будаўнічы рынак ва Уруччы, аўтамабільны рынак у Малінаўцы, парк забаў "Дрымлэнд", а таксама Madison Royal Club у Мінску.

З-за рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у бізнесмена паўсталі даўгі перад банкамі. У выніку ён пакінуў краіну. У верасні 2017 года стала вядома, што ў дачыненні да яго і топ-менеджменту яго кампаній распачатая крымінальная справа ў сувязі з ухіленнем ад выплаты падаткаў. Пад варту было заключана шэсць чалавек, Авяр`янаў — абвешчаны ў міжнародны вышук.

У перапісцы з інтэрнэт-газетай БелаПАН Naviny.by ў канцы верасня бізнесмен заявіў, што лічыць абвінавачанні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў неабгрунтаванымі, а саму праблему прыцягнутай за вушы.

"Мне ўдалося атрымаць дакументы, па якіх мяне і кіраўнікоў трох кампаній спрабуюць абвінаваціць. Сутнасць... За апошнія 2,5 года кампанія "Гандлёвы свет — "Кальцо" нібыта ўхілілася ад выплаты падаткаў аж на цэлых 35.000 рублёў. Гэта ў сапраўднасці два дні працы рынку. ТАА "Парк забаў "Дрымлэнд" — за два гады нібыта ўхіленне на 85.000 рублёў. Гэта кошт невялікага атракцыёну ў парку. ЗАТ "Інтэкс" — за два з паловай гады нібыта ўхіленне 155.000 рублёў. Некалькі месяцаў працы клуба. Вось і атрымліваецца, што праблема прыцягнутая за вушы", — напісаў бізнесмен Naviny.by па электроннай пошце.

Паводле слоў Авяр`янава, гэтыя невялікія сумы можна было б выставіць без затрыманняў, а проста паведаміць і паглядзець выкананне. "Так рэкамендуе прэзідэнт. А гэта спецыяльная аперацыя па захопу і дыскрэдытацыі кампаній", — лічыць ён.
Аляксандр Ярашэвіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН