Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/24/939442_939443/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 06:48
24.01.2018 11:18 Грамадства

У Мінску на 54-м годзе жыцця памёр дызайнер і даследчык беларускай культуры Міхал Анемпадыстаў

Мінск, 24 студзеня. Вядомы дызайнер, графік, паэт і даследчык беларускай культуры Міхал Анемпадыстаў памёр 24 студзеня ў Мінску на 54-м годзе жыцця, паведаміў БелаПАН старшыня Беларускага саюза дызайнераў Дзмітрый Сурскі.

Раней шэраг беларускіх інтэрнэт-рэсурсаў паведамляў, што 23 студзеня ў Анемпадыстава здарыўся інсульт, пасля чаго яго шпіталізавалі ў цяжкім стане.

Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года ў Мінску. У 1983 годзе скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя Глебава). У 1990-х гадах быў мастацкім рэдактарам часопіса "Бярозка". У выяўленчым мастацтве працаваў у асноўным у жанрах графікі і плаката. Яго работы экспанаваліся на персанальных выставах у Беларусі, Германіі, Даніі, Польшчы, ва Украіне.

У ліку вядомых прац Анемпадыстава — лагатыпы грамадска-культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі!", рок-фэстаў "Басовішча" 2007 і 2008 гадоў. Аўтар вокладак для альбомаў беларускіх гуртоў N.R.M., "Партызанская школа", Змітра Вайцюшкевіча.

Анемпадыстаў вядомы таксама як адзін з найбольш актыўных стваральнікаў беларускай рок-паэзіі. З`яўляецца аўтарам ідэі і тэкстаў культавага беларускамоўнага рок-мюзікла "Народны альбом", які выйшаў у 1997 годзе. Песні, напісаныя на яго вершы, выконваюць гурты "Новае неба", IQ48, N.R.M., бард Кася Камоцкая. У 2013 годзе выдаў паэтычны зборнік "Глыбока, глыбока, на дне філіжанкі кавы".

Міхал Анемпадыстаў быў членам Беларускага саюза дызайнераў і Беларускага ПЭН-цэнтра.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239