Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/25/939623_445801/
Дата раздрукоўкі: 24.09.2020 00:49
25.01.2018 10:07 Палітыка, Грамадства

Мінінфарм: На "Хартыі" размяшчалася забароненая інфармацыя

Мінск, 25 студзеня. Міністэрства інфармацыі пацвердзіла блакаванне апазіцыйнага інтэрнэт-сайта charter97.org.
"Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь на падставе падпункта 1.2 пункта 1 артыкула 51-1 закона Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі" прынятае рашэнне аб абмежаванні доступу да інфармацыйнага рэсурсу charter97.org. Гэтае рашэнне прынятае ў сувязі з размяшчэннем на рэсурсе інфармацыі, распаўсюджванне якой забароненае артыкулам 38 закона Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі", — гаворыцца ў паведамленні ведамства.

Мінінфарм "чарговым разам звяртае ўвагу ўсіх суб'ектаў інфармацыйнай сферы на неабходнасць няўхільнага выканання заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі".

У адпаведнасці з артыкулам 38 закона аб СМІ забараняецца распаўсюджванне: "інфармацыі ад імя арганізацый, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю (перарэгістрацыю) у выпадках, калі такая рэгістрацыя (перарэгістрацыя) з'яўляецца абавязковай у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, а таксама арганізацый, у адносінах да якіх ёсць рашэнне ўпаўнаважанага дзяржаўнага органа, што ўвайшло ў законную сілу, аб іх ліквідацыі"; "звестак, якія прапагандуюць спажыванне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных і іншых дурманных рэчываў, а таксама звестак пра спосабы i метады распрацоўкі, вырабу, выкарыстання i месцы набыцця наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў"; "інфармацыі, што скіраваная на прапаганду вайны, экстрэмісцкай дзейнасці або змяшчае заклікі да такой дзейнасці, парнаграфіі, гвалту і жорсткасці, а таксама іншай інфармацыі, распаўсюджванне якой здольнае нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь або забароненае гэтым законам, іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь".

Сайт "Хартыя-97" быў заблакаваны ўвечары 24 студзеня. Пры спробе зайсці на сайт з'яўляецца надпіс: "Калі вы бачыце гэтае паведамленне, значыць, адрас, на які вы спрабавалі трапіць, знаходзіцца ў спісах абмежаванага доступу паводле ўказа Прэзідэнта РБ № 60 ад 1.02.2010, пастановы Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце РБ № 4/11 ад 29.06.2010, дэкрэта Прэзідэнта РБ № 6 ад 28.12.2014 і пастановы Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце РБ і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі № 6/8 ад 19.02.2015".

У некаторых выпадках загружалася паведамленне "Вэб-старонка недаступная" альбо "Гэтае злучэнне з'яўляецца несапраўдным".

"Блакаваннем незалежнага сайта, у якога найбольшая колькасць наведвальнікаў, нанесены чарговы ўдар па свабодзе слова ў Беларусі. Дваццаць гадоў з намі змагаліся ўлады шляхам розных рэпрэсій: ад блакаванняў да арыштаў і забойстваў журналістаў. Мы будзем абараняцца, у тым ліку на міжнародным узроўні", — заявіла БелаПАН рэдактар сайта Наталля Радзіна. Паводле яе слоў, у даменную зону .by "Хартыя-97" пераходзіць не будзе.

14 снежня мінулага года Мінінфарм заблакаваў доступ да сайта "Беларускі партызан" (belaruspartisan.org). У выніку маніторынгу гэтага рэсурсу было выяўленае "сістэматычнае парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі". "На гэтым інфармацыйным рэсурсе, размешчаным за межамі нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнэт, рэгулярна размяшчаюцца матэрыялы, у якіх змяшчаецца забароненая інфармацыя", — паведаміў тады Мінінфарм.

17 снежня сайт аднавіў працу, зарэгістраваўшыся ў даменнай зоне .by. Варта адзначыць, што гэтае рашэнне выклікала негатыўную рэакцыю ў Наталлі Радзінай. 19 снежня яна, у прыватнасці, напісала на сваім сайце: "Рэакцыя многіх на рашэнне сайта была такой: "Партызан здаўся ў палон". І сапраўды, праца ў зоне .by сёння для медыя азначае яшчэ большыя абмежаванні і татальны кантроль. Калегі з "Беларускага партызана" стварылі небяспечны прэцэдэнт: паказалі сваім прыкладам, што ў выпадку нападу трэба замест барацьбы хутка здацца".

Галоўны рэдактар "БП" Святлана Калінкіна назвала публікацыю Радзінай подласцю. Рэдактар charter97.org, на думку Калінкінай, "занадта лёгка зрабіла занадта глыбокія высновы".
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239