Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/25/939638_440145/
Дата раздрукоўкі: 24.09.2020 01:01
25.01.2018 11:35 Грамадства

Віцебскі аблсуд апраўдаў Вольгу Сцяпанаву, у якой падчас дамашніх родаў памерла дачка

Мінск, 25 студзеня. Віцебскі абласны суд 25 студзеня прызнаў невінаватай 31-гадовую Вольгу Сцяпанаву, якая абвінавачвалася ў прычыненні смерці па неасцярожнасці (ч. 1 арт. 144 КК), з-за адсутнасці ў дзеянні складу злачынства, паведамілі ў аблсуда.

Справа слухалася ў закрытым рэжыме. У сувязі са знаходжаннем абвінавачанай за межамі Беларусі і яе ўхіленнем ад яўкі крымінальная справа на падставе Крымінальна-працэсуальнага кодэкса было разгледжаная пры адсутнасці Сцяпанавай.

Прысуд пакуль не ўвайшоў у законную сілу і можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленыя законам тэрміны.

Паводле інфармацыі следства, 17 лютага 2017 года жанчына дома ў Віцебску нарадзіла жыццяздольную дзяўчынку, якая захлынулася каляплоднымі водамі. У бальніцы дзіця маглі выратаваць, але па медыцынскую дапамогу маці парадзіхі звярнулася занадта позна. Рэанімацыйныя мерапрыемствы, якія самастойна праводзіла жанчына, былі некваліфікаваныя і пагоршылі стан дзіцяці. Пасля таго як парадзіха зразумела, што самой ёй не справіцца, яна папрасіла маці выклікаць "хуткую". Брыгада хуткай меддапамогі пасля прыбыцця агледзела нованароджаную, прыняла рашэнне неадкладна везці яе ў рэанімацыю. Дзяўчынку спрабавалі выратаваць, але дзіця памерла.

З 6 мая жанчына знаходзілася ў следчым ізалятары Віцебска, на пахаванне малодшай дачкі яе не адпусцілі. Крымінальная справа Сцяпанавай атрымала вялікі грамадскі рэзананс.

7 верасня суд Чыгуначнага раёна Віцебска прызнаў Сцяпанаву вінаватай у прычыненні смерці па неасцярожнасці і прыгаварыў да шасці месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ва ўмовах пасялення, але затым змяніў пакаранне на падпіску аб нявыездзе пры належных паводзінах. У выпадку неналежных паводзінаў жанчыну маглі адправіць у калонію-пасяленне на два месяцы, бо да гэтага яна чатыры месяцы правяла пад вартай.

Жанчына і яе адвакат абскардзілі прысуд раённага суда ў абласным судзе. Пазіцыя абароны заключалася ў тым, што роды не былі арганізаваныя як дамашнія — яны былі хуткаплыннымі, таму жанчына не паспела выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу да родаў, а пасля нараджэння дзіцяці "хуткая" прыехала занадта позна і медыцынская дапамога не была аказаная ў поўным аб'ёме.

3 лістапада Віцебскі абласны суд адмяніў абвінаваўчы прысуд, вынесены судом Чыгуначнага раёна, і прыняў справу да сваёй вытворчасці. У каментары БелаПАН Сцяпанава заявіла, што лічыць адмену абвінаваўчага прысуду першым крокам да далейшых дзеянняў па яе апраўданні.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239