Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/25/939741_939742/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 07:37
25.01.2018 16:04 Эканоміка, Фінансы

Лукашэнка і Калаур абмеркавалі планы аптымізацыі ў сферы касава-інкасатарскіх паслуг

Мінск, 25 студзеня. Планы аптымізацыі ў сферы касава-інкасатарскіх паслуг абмеркаваныя 25 студзеня на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй праўлення Нацыянальнага банка Паўлам Калаурам.

Гаворка ідзе аб стварэнні спецыялізаванай арганізацыі, якая аб'ядноўвае функцыі па аказанні касава-інкасатарскіх паслуг Нацыянальнага банка, ААТ "ААБ "Беларусбанк" і ААТ "Белаграпрамбанк", у мэтах рацыянальнага выкарыстання маёмасці і вызвалення Нацыянальнага банка ад неўласцівых функцый, паведаміла прэс-служба прэзідэнта. Долі у статутным фондзе стваранага таварыства прапаноўваецца размеркаваць у адпаведнасці з грашовымі і неграшовымі ўкладамі, якія ўносяцца Нацыянальным банкам, "Беларусбанкам" і "Белаграпрамбанкам".

Паводле інфармацыі Нацбанка, у ходзе стварэння таварыства будуць аптымізаваныя дублюючыя функцыі банкаў у галіне інкасацыі, перавозкі, апрацоўкі і захоўвання каштоўнасцяў, зніжаны затраты на ўтрыманне матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў, персаналу, будзе скарочана колькасць спецаўтатранспарту і зброі. Пры гэтым Нацыянальны банк захавае за сабой цэнтралізаваную кіраванасць наяўным грашовым абарачэннем.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што пытанне стварэння такой структуры выклікала "нейкія спрэчкі і нават непаразуменні і неразуменні". "Стварэнне нябанкаўскай крэдытна-фінансавай арганізацыі "Белінкасгруп" — інкасатарская група, якую вы хочаце стварыць, каб пазбавіцца ад, як вы кажаце, неўласцівых Нацыянальнаму банку функцый, — што гэта будзе за структура, і, галоўнае пытанне, ці не прывядзе гэта зноў да раздування колькасці ўсёй гэтай нашай сферы. Не толькі ў Нацыянальным банку", — пацікавіўся ён. "Перш чым падпісваць указ, я думаю, усё ж такі нам трэба абмеркаваць з вамі, ці можам мы без яе абысціся ці гэта сапраўды вельмі выгадная справа для банкаўскага сектара ў цэлым", — дадаў Лукашэнка.

Па выніках даклада Калаур расказаў журналістам, што на сустрэчы абмяркоўвалася стварэнне арганізацыі "Белінкасгруп", доля якой на рынку касава-інкасатарскіх паслуг можа скласці дзве траціны. "Праца будзе праводзіцца паступова на працягу года, і задача ў тым, каб гэта кампанія паўнацэнна функцыянавала на рынку да канца гэтага года. Магчымая рыначная доля гэтай кампаніі з улікам той удзельнай вагі, якую цяпер займаюць "Беларусбанк" і "Белаграпрамбанк", складзе дзве траціны рынку наяўнага грашовага абарачэння", — заявіў ён.

Паводле слоў Калаура, ініцыятывы накіраваныя на аптымізацыю наяўнага грашовага абарачэння і пашырэнне сферы безнаяўных плацяжоў. "Гэтыя пытанні ўзаемазвязаныя, таму што, сапраўды, наяўнае грашовае абарачэнне патрабуе вельмі вялікіх выдаткаў. Усе любяць, каб грошы былі своечасова ў банкаматах і мелі прыемны знешні выгляд, не былі парваныя. Таму кіраўніку дзяржавы было прапанавана стварэнне спецыялізаванай кампаніі. Яна будзе аказваць паслугі ўсёй банкаўскай сістэме, калі банкі будуць да яе звяртацца. Вы ведаеце, што ў нас яшчэ ёсць на рынку нябанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя — даччынае прадпрыемства "БПС-Ашчадбанка". Доля гэтай арганізацыі на рынку 22%. Зразумела, будзе захоўвацца нармальнае канкурэнтнае асяроддзе, і ў банкаў будзе выбар, паслугамі якой кампаніі карыстацца. А гэта будзе абавязваць кампанію аказваць якасныя паслугі", — удакладніў старшыня праўлення Нацбанка.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239