Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/25/939756_939757/
Дата раздрукоўкі: 23.08.2019 12:27
25.01.2018 16:39 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка назваў лухтой меркаванне, што ён пойдзе на датэрміновыя выбары, каб выйграць час (дапоўнена)

Мінск, 25 студзеня. Супадзенне парламенцкай і прэзідэнцкай выбарчых кампаній у 2020 годзе стала адной з тэм сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і спікера Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі.
"Парламенцкія выбары — шмат розных пунктаў гледжання, паколькі яны супадаюць з прэзідэнцкімі выбарамі. Мы, вядома, афішаваць пакуль не будзем яго, але тым не менш у вас пункт гледжання свой ёсць, — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да суразмоўцы. — Пры гэтым я хачу сказаць, што мы ні ў якім разе не павінны тут неяк выкручвацца, як некаторыя папісваюць з пятай калоны ў сродках масавай інфармацыі, асабліва ў інтэрнэце, што Лукашэнка тут пойдзе на нейкія датэрміновыя выбары для таго, каб выйграць час, яшчэ нешта. Лухта апошняя. Я ніколі не гуляўся з гэтымі рэчамі і гуляцца не збіраюся".

"Калі будзе прынята рашэнне аб тым, каб развесці гэтыя выбары ў часе ці праводзіць сумесна (мне хацелася б ведаць ваш пункт гледжання), мы пра гэта скажам загадзя, каб органы ўлады і тыя, хто жадае стаць членамі парламента і кандыдатамі ў прэзідэнты, падрыхтаваліся да гэтага. Мы тут нікога падманваць не маем намеру", — прыводзіць словы Лукашэнкі прэс-служба прэзідэнта.Лукашэнкі прэс-служба прэзідэнта.

У адпаведнасці з заканадаўствам чарговыя прэзідэнцкія выбары павінны прайсці не пазней за 30 жніўня 2020 года, выбары ў Палату прадстаўнікоў — не пазней за 10 верасня 2020 года. У сувязі з гэтым старшыня Цэнтрвыбаркама Ярмошына ўжо не раз заяўляла, што адна з гэтых выбарчых кампаній можа прайсці датэрмінова — у другой палове 2019 года, але не канкрэтызавала, якая менавіта.


Некаторыя палітолагі звяртаюць увагу на тое, што пытанне правядзення датэрміновых парламенцкіх выбараў прапісаны ў Канстытуцыі і падстаў для такога рашэння няшмат. У прыватнасці, арт. 94 гаворыць, што паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў могуць быць датэрмінова спынены пры адмове ў даверы ўраду, выказванні вотуму недаверу ўраду, двухразовай адмове ў дачы згоды на прызначэнне прэм'ер-міністра, а таксама на падставе заключэння Канстытуцыйнага суда ў выпадку сістэматычнага або грубага парушэння палатамі парламента Канстытуцыі.

Каментуючы па просьбе БелаПАН гэтае меркаванне, Ярмошына заявіла: у выпадку прызначэння датэрміновых выбараў "парламент не распускаецца, як і прэзідэнт не будзе датэрмінова складаць паўнамоцтвы". "Парламент не распускаецца, як і прэзідэнт не будзе датэрмінова складаць паўнамоцтвы. Пройдуць датэрміновыя выбары. Калі гэта будуць парламенцкія, то пасля правядзення першай ўстановачнай сесіі новага парламента складаюцца паўнамоцтвы старога. Да прапісанага ў Канстытуцыі гэта не мае ніякага дачынення, гэта асобная працэдура", — падкрэсліла яна.

Ярмошына таксама лічыць прынцыповым развесці кампаніі, бо іх сумяшчэнне можа "сапраўды дэстабілізаваць" становішча ў краіне. Такая сітуацыя, адзначыла яна, "разгойдвае палітычнае жыццё, абвастрае ўсе супярэчнасці, якія існуюць у грамадстве, — і палітычныя, і эканамічныя". Таму да сумяшчэння выбараў "трэба заўсёды ставіцца вельмі асцярожна", дадала кіраўнік ЦВК.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН