Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/25/939801_12345/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 14:35
25.01.2018 21:30 Грамадства, Палітыка

Мінінфарм удакладніў, на падставе якіх матэрыялаў быў заблакаваны сайт "Хартыі"

Мінск, 25 студзеня. Міністэрства інфармацыі ўдакладніла, на падставе якіх матэрыялаў быў заблакаваны апазіцыйны сайт charter97.org.

"Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь на падставе падпункта 1.2 пункта 1 артыкула 51-1 закона Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі" прынятае рашэнне аб абмежаванні доступу да інфармацыйнага рэсурсу charter97.org. Гэтае рашэнне прынятае ў сувязі з размяшчэннем на рэсурсе інфармацыі, распаўсюджванне якой забароненае артыкулам 38 закона Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі", — гаворыцца ў паведамленні ведамства.

У прыватнасці, паведамляе Мінінфарм, на інфармацыйным рэсурсе публікаваліся матэрыялы, якія змяшчаюць інфармацыю, распаўсюджванне якой здольнае нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь.

"У адпаведнасці з Канцэпцыяй нацыянальнай бяспекі пад нацыянальнымі інтарэсамі разумеецца сукупнасць патрэб дзяржавы па рэалізацыі збалансаваных інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы, якія дазваляюць забяспечваць канстытуцыйныя правы, свабоды, высокую якасць жыцця грамадзян, незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт і ўстойлівае развіццё Рэспублікі Беларусь", — паведамляе Мінінфарм.

Акрамя таго, гаворыцца ў паведамленні ведамства, на рэсурсе размяшчаліся артыкулы з указаннем даты і месца правядзення масавага мерапрыемства, дазвол на правядзеньне якога на момант размяшчэння публікацыі атрыманы не быў. Пры гэтым, нагадвае Мінінфарм, згодна з артыкулам 8 закона "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь" да атрымання дазволу на правядзенне масавага мерапрыемства яго арганізатар (арганізатары), а таксама іншыя асобы не маюць права абвяшчаць у сродках масавай інфармацыі, глабальнай камп'ютарнай сетцы інтэрнэт або іншых інфармацыйных сетках аб даце, месцы і часе яго правядзення, вырабляць і распаўсюджваць з гэтай мэтай ўлёткі, плакаты і іншыя матэрыялы.

Таксама адной з падставаў для прыняцця рашэння аб абмежаванні доступу стала распаўсюджванне праз сайт charter97.org інфармацыйнай прадукцыі рэсурсу, які рашэннем суда прызнаны экстрэмісцкім матэрыялам і ўнесены ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Сайт "Хартыя-97" быў заблакаваны ўвечары 24 студзеня. Пры спробе зайсці на сайт з'яўляецца надпіс: "Калі вы бачыце гэтае паведамленне, значыць, адрас, на які вы спрабавалі трапіць, знаходзіцца ў спісах абмежаванага доступу паводле ўказа Прэзідэнта РБ № 60 ад 1.02.2010, пастановы Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце РБ № 4/11 ад 29.06.2010, дэкрэта Прэзідэнта РБ № 6 ад 28.12.2014 і пастановы Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце РБ і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі № 6/8 ад 19.02.2015".

У некаторых выпадках загружалася паведамленне "Вэб-старонка недаступная" альбо "Гэтае злучэнне з'яўляецца несапраўдным".

"Блакаваннем незалежнага сайта, у якога найбольшая колькасць наведвальнікаў, нанесены чарговы ўдар па свабодзе слова ў Беларусі. Дваццаць гадоў з намі змагаліся ўлады шляхам розных рэпрэсій: ад блакаванняў да арыштаў і забойстваў журналістаў. Мы будзем абараняцца, у тым ліку на міжнародным узроўні", — заявіла БелаПАН рэдактар сайта Наталля Радзіна. Паводле яе слоў, у даменную зону .by "Хартыя-97" пераходзіць не будзе.

14 снежня мінулага года Мінінфарм заблакаваў доступ да сайта "Беларускі партызан" (belaruspartisan.org). У выніку маніторынгу гэтага рэсурсу было выяўленае "сістэматычнае парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі". "На гэтым інфармацыйным рэсурсе, размешчаным за межамі нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнэт, рэгулярна размяшчаюцца матэрыялы, у якіх змяшчаецца забароненая інфармацыя", — паведаміў тады Мінінфарм.

17 снежня сайт аднавіў працу, зарэгістраваўшыся ў даменнай зоне .by. Варта адзначыць, што гэтае рашэнне выклікала негатыўную рэакцыю ў Наталлі Радзінай. 19 снежня яна, у прыватнасці, напісала на сваім сайце: "Рэакцыя многіх на рашэнне сайта была такой: "Партызан здаўся ў палон". І сапраўды, праца ў зоне .by сёння для медыя азначае яшчэ большыя абмежаванні і татальны кантроль. Калегі з "Беларускага партызана" стварылі небяспечны прэцэдэнт: паказалі сваім прыкладам, што ў выпадку нападу трэба замест барацьбы хутка здацца".

Галоўны рэдактар "БП" Святлана Калінкіна назвала публікацыю Радзінай подласцю. Рэдактар charter97.org, на думку Калінкінай, "занадта лёгка зрабіла занадта глыбокія высновы".
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239