Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/25/939802_12345/
Дата раздрукоўкі: 23.08.2019 12:10
25.01.2018 19:37 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка падпісаў дэкрэт аб садзеянні занятасці

Мінск, 25 студзеня. Аляксандр Лукашэнка 25 студзеня падпісаў дэкрэт № 1, якім прадугледжаныя меры па садзеянні занятасці насельніцтва, паведаміла прэс-служба прэзідэнта.
"У новы дэкрэт не ўвайшлі нормы аб збіранні з працаздольных непрацуючых грамадзян збору на фiнансаванне дзяржаўных выдаткаў. Пры гэтым асобы, якія раней прызнаваліся плацельшчыкамi гэтага збору, вызваленыя ад яго выплаты", — гаворыцца ў паведамленні.

Як адзначыла прэс-служба, дэкрэтам прадугледжаны канцэптуальна іншы падыход, накіраваны на стымуляванне працаздольных непрацуючых грамадзян да легальнай занятасці. Прадугледжана, што з 1 студзеня 2019 года такія асобы будуць рабіць аплату субсідаваных дзяржавай паслуг па іх поўным кошце. Канкрэтны пералік такіх паслуг даручана вызначыць ўраду.

"Дакумент накіраваны ў першую чаргу на актывізацыю работы органаў улады па максімальным спрыянні грамадзянам у працаўладкаванні, стымуляванні працоўнай занятасці і самазанятасці насельніцтва", — адзначыла прэс-служба.

З гэтай мэтай, паведамляе прэс-служба, дэкрэтам на ўрад ускладаюцца задачы па ўсталяванні прагнозных паказчыкаў у галіне спрыяння занятасці насельніцтва і пераліку тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы, ажыццяўленні маніторынгу, ацэнкі якасці і даступнасці паслуг у галіне садзейнічання занятасці насельніцтва.

"У сваю чаргу мясцовыя органы ўлады будуць забяспечваць індывідуальную працу з грамадзянамі на месцах пры правядзенні працы па іх працаўладкаванні і рэсацыялізацыі асоб, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Акрамя таго, абласныя, Мінскі гарадскі саветы дэпутатаў змогуць дадаткова накіроўваць сродкі мясцовых бюджэтаў на рэалізацыю мерапрыемстваў у галіне спрыяння занятасці насельніцтва на тэрыторыях з напружанай сітуацыяй на рынку працы".

"Ключавая роля ў арганізацыі працы па выкананні норм дэкрэта адведзеная мясцовым органам улады, — падкрэслівае прэс-служба. — Для гэтага прадугледжваецца стварэнне мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі пастаянна дзейных камісій, асноўнымі задачамі якіх з'яўляюцца спрыянне грамадзянам у працаўладкаванні".

Пра тое, што абноўлены дэкрэт запрацуе ў поўным аб'ёме 1 студзеня 2019 года, паведаміў журналістам віцэ-прэм'ер Васіль Жарко пасля нарады ў прэзідэнта 21 снежня 2017 года.

"Рэалізацыя норм гэтага дэкрэта аб стымуляванні занятасці насельніцтва прадугледжвае два механізмы іх рэалізацыі — эканамічны і адміністрацыйна-кіраўнічы", — сказаў Жарко.

"Ураду адведзены першы квартал наступнага [2018-га] года для распрацоўкі пераліку такіх паслуг, каб непрацуючыя грамадзяне, якія абавязаныя кампенсаваць, разумелі, за што яны будуць плаціць. Таксама ўрад вызначыць крытэрыі аднясення да плацельшчыкаў", — заявіў віцэ- прэм'ер.

"З 1 студзеня 2019 года будзе кампенсацыя па поўным кошце. А за гэты год створыцца інфармацыйная база, яе будзе весці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны", — дадаў ён.

"Самы важны падыход — гэта стымуляванне занятасці. Каб максімальна стварыць умовы для стопрацэнтнай занятасці грамадзян, якія павінны працаваць па сваіх магчымасцях", — падкрэсліў Жарко. Ён нагадаў, што ў Беларусі ствараюцца дадатковыя ўмовы для рэалізацыі прадпрымальніцкай ініцыятывы, стымулявання самазанятасці. У гэтым кірунку ўжо прыняты шэраг дакументаў, якія дазваляюць легалізавацца і лібералізаваць умовы вядзення бізнесу. Акрамя таго, на мясцовыя органы ўлады ўскладзены абавязак па стварэнні новых працоўных месцаў, даведзены адпаведныя даручэнні. Такім чынам, адзначыў Жарко, дзяржава стварае ўмовы для ўключэння грамадзян у працоўную дзейнасць, а ў дачыненні да тых, хто "можа і павінен працаваць, але не хоча", будуць уключацца эканамічныя рычагі.

Чыноўнік таксама адзначыў, што праца ў рамках новай рэдакцыі дэкрэта прадугледжвае максімальна індывідуальны падыход. Асноўнымі адказнымі выканаўцамі пры рэалізацыі дакумента стануць мясцовыя органы ўлады і камісіі, якія будуць стварацца ў адміністрацыях раёнаў і гарадоў. Камісіі ўзначаляць старшыні раённых саветаў дэпутатаў, у іх склад увойдуць прадстаўнікі мясцовых органаў выканаўчай улады і грамадскіх арганізацый.

Перш чым прымаць рашэнне аб стопрацэнтнай кампенсацыі выдаткаў грамадзянінам, камісія павінна будзе вывучыць усе абставіны індывідуальна, прапанаваць працаўладкаванне альбо выключыць плацельшчыкаў з пераліку пры наяўнасці важкіх падстаў.

Камісіі будуць працаваць на пастаяннай аснове, перыядычна пераглядаючы пералік плацельшчыкаў. Пры ўстанаўленні факту працаўладкавання чалавек будзе выключацца са спіса.

Калі ў той ці іншай мясцовасці не будзе працоўных месцаў, то задача па іх стварэнні або забеспячэнні перападрыхтоўкі незанятых грамадзян будзе ляжаць на органах улады, падкрэсліў Жарко.

Дэкрэт № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 2 красавіка 2015 года. Ён абавязваў грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны і не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш як 183 каляндарныя дні за год, выплачваць збор у 20 базавых велічынь. Інакш ім пагражаў штраф альбо адміністрацыйны арышт.

Тэрмін выплаты збору скончыўся 20 лютага 2017 года. Паводле даных Міністэрства па падатках і зборах, збор выплацілі больш за 54 тыс. чалавек з 470 тыс., якім былі разасланыя паведамленні.

Дэкрэт выклікаў абурэнне ў грамадстве і прывёў да масавых вулічных пратэстаў, пік якіх прыйшоўся на вясну 2017 года. Вулічныя акцыі жорстка разганяла міліцыя, іх удзельнікаў штрафавалі і каралі адміністрацыйным арыштам.

У пачатку ліпеня Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся пачаць вяртанне збору, выплачанага па дэкрэце, але грошы вяртаюць толькі тым, хто змог працаўладкавацца. На нарадзе 3 жніўня ён падкрэсліў, што "ніякай адмены дэкрэта № 3 быць не можа" — гаворка ідзе пра новую рэдакцыю гэтага дакумента.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН