Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/25/939812_12345/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 15:29
25.01.2018 22:04 Грамадства, Спорт

Гендырэктар МАЗа: Поспехі на "Дакары" дапамагаюць прадпрыемству ў прасоўванні на замежных рынках

Мінск, 25 студзеня. Поспехі на "Дакары" дапамагаюць Мінскаму аўтазаводу ў прасоўванні на замежных рынках. Пра гэта заявіў генеральны дырэктар ААТ "МАЗ" Дзмітрый Кацярыніч 25 студзеня ў нацыянальным аэрапорце Мінск, дзе сустракалі гоншчыкаў каманды Мінскага аўтазавода з ралі-рэйду "Дакар".

Беларускія гоншчыкі на "Дакары-2018" упершыню ў гісторыі сваіх выступленняў у гэтым прэстыжным міжнародным ралі-рэйдзе занялі другое месца. Экіпажы прывезлі з сабой трох "бедуінаў" — знакамітыя статуэткі, якія атрымліваюць прызёры аўтамарафона.

"Поспехі на "Дакары" дазваляюць павысіць вядомасць Беларусі і дапамагаюць прадпрыемству на замежных рынках, што мы ўжо назіраем у продажах. Так, МАЗ дадаў больш за 30% у рэалізацыі тэхнікі", — адзначыў Кацярыніч.
 
Акрамя таго, ралі-рэйды выступаюць яшчэ і тэставым палігонам: новаўвядзенні, якія добра адпрацавалі сябе на марафоне, атрымліваюць прымяненне ў серыйнай вытворчасці.

"Мы ішлі да гэтага сем гадоў, — адзначыў кіраўнік каманды Сяргей Вязовіч.— Апошнія гады мы адчувалі ў сабе сілы ўзысці на п'едэстал, навязваючы барацьбу лідарам гонак, але заўсёды чагосьці не хапала. У гэты раз усё склалася паспяхова: мы ехалі ўпэўнена нават на пяшчаных участках з выдмамі, якія раней не лічылі кароннымі для сябе. Пры гэтым МАЗаўскай тэхніка не давала збояў — ехала ўпэўнена там, дзе іншыя буксавалі".

Усе тры беларускія экіпажы дабраліся да фінішу. "МАЗ" Сяргея Вязовіча фінішаваў другім, а экіпажы Аляксандра Васілеўскага і Аляксея Вішнеўскага занялі 13-е і 14-е месцы адпаведна.

Варта таксама заначыць, што "МАЗ-СПОРТаўта" аказалася адзінай камандай, якой удалося захаваць усе свае экіпажы да канца гонкі. Усе астатнія хоць бы адзін экіпаж, але страцілі.

Уладальнікам каманды выступае Мінскі аўтамабільны завод, тэхнічным партнёрам — тэлекам-аператар velcom. Марафон сёлета прайшоў па тэрыторыі трох краін — Перу, Балівіі і Аргенціны. Працягласць маршруту склала каля 9 тыс. км, з іх хуткасных участкаў — прыкладна 3,5 тыс. км.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239