Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/25/939817_12345/
Дата раздрукоўкі: 23.08.2019 12:12
25.01.2018 21:04 Грамадства

Лукашэнка адмяніў экзамены для паступлення ў пятыя класы гімназій

Мінск, 25 студзеня. Аляксандр Лукашэнка 25 студзеня падпісаў указ № 30 "Аб прыёме ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі і навучанні ў іх", паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Указам устанаўліваецца, што набор у 5-я класы гімназій будзе ажыццяўляцца без правядзення ўступных выпрабаванняў. Усе навучэнцы, якія завершаць навучанне ў 4-м класе гімназіі, змогуць працягнуць навучанне ў 5-м класе гэтай жа гімназіі.

"Адмена экзаменаў дазволіць зняць неапраўданую псіхалагічную і эмацыйную нагрузку на навучэнцаў пачатковых класаў, што ў цэлым будзе спрыяць захаванню іх здароўя", — адзначае прэс-служба.

Пры прыёме ў 5-я класы гімназій-каледжаў мастацтваў конкурсны адбор па выніках праверкі творчых здольнасцяў захоўваецца. "Такі падыход дасць магчымасць навучання ў гэтых гімназіях найбольш таленавітым дзецям, якія маюць прыродныя задаткі і хочуць звязаць сваё далейшае прафесійнае жыццё з мастацтвам", — пракаментавала прэс-служба.

Адначасова ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі прадугледжваецца магчымасць вывучэння асобных прадметаў на павышаным узроўні. "Рэалізацыя гэтай нормы падасць роўныя ўмовы для атрымання якаснай адукацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ўсіх відаў, а таксама пашырыць магчымасці яе атрымання з улікам індывідуальных здольнасцяў і схільнасцяў школьнікаў", — гаворыцца ў паведамленні.

Міністэрствамі адукацыі і культуры ў двухмесячны тэрмін будуць прынятыя ўсе прававыя акты, неабходныя для рэалізацыі норм названага ўказа.

Нагадаем, міністр адукацыі Ігар Карпенка у інтэрв'ю праграме "Контуры" тэлеканала ОНТ 29 кастрычніка 2017 года заявіў, што "адукацыя ў Беларусі павінна быць роўнадаступнай, не павінна фарміравацца элітарнасць, а тэндэнцыя адбору таленавітых дзяцей не павінна ператварацца ў спаборніцтва кашалькоў бацькоў".

Міністр перакананы, што школа павінна ствараць роўныя магчымасці для любога навучэнца асвойваць праграму, у тым ліку праграму на павышаным узроўні. "Таму трэба ствараць больш празрыстую, зразумелую сістэму, якая дазволіць вучню вызначаць яго шлях руху. Калі ён сапраўды паказвае нейкія вынікі, тады ў 10-11-м класах мы дамо яму на павышаным узроўні тыя прадметы, якія яму патрэбныя для паступлення ў вышэйшую навучальную ўстанову", — сказаў Карпенка.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН