Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/26/939885_12345/
Дата раздрукоўкі: 06.04.2020 06:24
26.01.2018 13:07 Эканоміка, Фінансы

Указ "Аб падаткаабкладанні" прыняты для забеспячэння "рэальнай стабільнасці падатковага заканадаўства"

Мінск, 26 студзеня. Указ прэзідэнта № 29 "Аб падаткаабкладанні" прыняты "з мэтай забеспячэння рэальнай стабільнасці падатковага заканадаўства", паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

"З мэтай развіцця прынятага ў 2017 годзе практычна для ўсіх сфер вядзення бізнесу блока заканадаўчых актаў, працягу практычнай работы па падтрымцы дзелавой ініцыятывы кіраўніком дзяржавы вырашана чарговыя карэкціроўкі Падатковага кодэкса на 2018 год не ажыццяўляць, — падкрэслілі ў прэс-службе. — Асноўная мэта ўказа — забяспечыць напаўненне даходнай часткі бюджэту 2018 года. У сувязі з гэтым у дакуменце праіндэксаваныя стаўкі падаткаў, устаноўленыя ў рублях. Адначасова праіндэксаваныя вылікі і льготы па падаходным падатку".

Паведамляецца, што значна, на 20%, павялічаныя крытэрыі прымянення спрошчанай сістэмы падаткаабкладання.

"Акрамя таго, зацверджаны шэраг норм, накіраваных на лібералізацыю і спрашчэнне парадку прымянення асобных палажэнняў падатковага заканадаўства. У прыватнасці, прадастаўлена магчымасць выканання падатковых абавязацельстваў плацельшчыка іншымі асобамі. Гэта дасць права заснавальнікам, уласнікам выконваць падатковыя абавязацельствы за плацельшчыкаў, якія мелі фінансавыя цяжкасці. У сваю чаргу плацельшчыку гэта дазволіць пазбегнуць адцягнення абаротных сродкаў на выплату пені за несвоечасовае выкананне падатковых абавязацельстваў", — адзначылі ў прэс-службе.

Для падатковага органа ўведзены абавязак па інфармаванні дэбітора плацельшчыка аб прынятым рашэнні аб спагнанні з яго падатку (пошлiны). У выпадку падавання плацельшчыкам-контрагентам недакладнай інфармацыі аб наяўнасці такой дэбіторскай запазычанасці падатковы орган абавязаны вярнуць дэбітору плацельшчыка спагнаную з яго суму.

Указам адменены абавязак па стварэнні і выстаўленні электронных рахункаў-фактур па аперацыях, пры ажыццяўленні якіх адсутнічае аб'ект падаткаабкладання альбо прадугледжанае вызваленне ад ПДК пры ўвозе тавараў у Беларусь. Павялічаныя на 10 дзён агульныя тэрміны іх накіравання на партал па аперацыях, пры ажыццяўленні якіх не патрабуецца выстаўленне такіх дакументаў пакупнікам.

Устаноўлены таксама адзіны парадак адлюстравання курсавых і сумавых розніц у бухгалтарскім і падатковым уліку пры разліку падатковай базы па ПДК, падатку на прыбытак і адзіным падатку для вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі. Для замежных арганізацый, якія аказваюць фізічным асобам паслугі ў электроннай форме, спрошчаны парадак вылічэння і выплаты ПДК і падачы заявы для пастаноўкі на падатковы ўлік.

Акрамя таго, прадаўжаецца магчымасць прымянення нулявой стаўкі ПДК на працы па рамонце і тэхнічным абслугоўванні транспартных сродкаў, зарэгістраваных у замежных дзяржавах.

Указ "Аб падаткаабкладанні" будзе дзейнічаць на працягу 2018 года. У адпаведнасці з даручэннем Аляксандра Лукашэнкі да 1 верасня 2018 года ўрадам будуць падрыхтаваныя комплексныя карэкціроўкі Падатковага кодэкса з уступленнем іх у сілу з 1 студзеня 2019 года.

"Абноўлены Падатковы кодэкс павінен забяспечыць рэальную стабільнасць падатковага заканадаўства, не дапушчаючы яго змяненняў часцей, чым раз на тры гады. Ураду пастаўлена задача пры падрыхтоўцы кодэкса выключыць любую няўзгодненасць прававых прадпісанняў падатковага заканадаўства, забяспечыць яго прастату і зразумеласць, а галоўнае — надаць яму характар, стымулюючы эканамічную дзейнасць", — падкрэслілі ў прэс-службе.

Указам № 29 зацверджаныя стаўкі акцызаў на падакцызныя тавары; стаўкі зямельнага падатку на сельскагаспадарчыя землі сельскагаспадарчага прызначэння; сярэднія стаўкі зямельнага падатку па раёнах; стаўкі экалагічнага падатку за выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра; стаўкі экалагічнага падатку за скіды сцёкавых вод; стаўкі экалагічнага падатку за пахаванне, захоўванне адходаў вытворчасцi; стаўкі падатку за здабычу (выемку) прыродных рэсурсаў; базавыя стаўкі адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб; памеры даходаў, якія вызваляюцца ад падаходнага падатку з фізічных асоб; памеры падатковых вылікаў па падаходным падатку з фізічных асоб.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239