Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/26/939889_12345/
Дата раздрукоўкі: 15.11.2019 00:58
26.01.2018 11:12 Эканоміка, Грамадства

МПЗ патлумачыла працэдуру вяртання збору з "дармаедаў"

Мінск, 26 студзеня. Міністэрства па падатках і зборах патлумачыла працэдуру вяртання збору на фiнансаванне дзяржаўных выдаткаў.

Дэкрэтам № 1 "Аб садзеянні занятасці насельніцтва", які Аляксандр Лукашэнка падпісаў 25 студзеня, прадугледжана вызваленне плацельшчыкаў збору на фiнансаванне дзяржвыдаткаў ад выплаты гэтага збору. Вяртанне збору на фiнансаванне дзяржвыдаткаў грамадзянам будзе ажыццяўляцца на падставе іх заяў у парадку, устаноўленым заканадаўствам.

Як тлумачыць МПЗ, згаданая адміністрацыйная працэдура ажыццяўляецца падатковымі органамі на падставе пісьмовай заявы зацікаўленай асобы, з прадстаўленнем пашпарта або іншага дакумента, які сведчыць асобу грамадзяніна.

Падача заявы можа быць ажыццёўленая прадстаўніком зацікаўленай асобы, які дзейнічае на падставе даверанасці, аформленай у парадку, устаноўленым грамадзянскім заканадаўствам.

Вяртанне збору на фiнансаванне дзяржаўных выдаткаў ажыццяўляецца адным з двух спосабаў, якія называюцца ў заяве: на рахунак у беларускім банку (пры ўмове ўказання рэквізітаў бягучага (разлiковага) цi iншага банкаўскага рахунку: нумар і тып рахунку, найменне банка, код банка, код валюты); наяўнымі грашовымі сродкамі з касы адасобленага (структурнага) падраздзялення "Беларусбанка".

Тэрмін ажыццяўлення адміністрацыйнай працэдуры — 1 месяц з дня падачы заявы. З адрасамі і рэжымам працы падатковых органаў можна азнаёміцца на афіцыйным сайце Міністэрства па падатках і зборах www.nalog.gov.by.

Як паведамлялася, дэкрэт № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 2 красавіка 2015 года. Ён абавязваў грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны і не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш як 183 каляндарныя дні за год, выплачваць збор у 20 базавых велічынь. Інакш ім пагражаў штраф альбо адміністрацыйны арышт.

Тэрмін выплаты збору скончыўся 20 лютага 2017 года. Паводле даных Міністэрства па падатках і зборах, збор выплацілі больш за 54 тыс. чалавек з 470 тыс., якім былі разасланыя паведамленні.

Дэкрэтам № 1 прадугледжаны "канцэптуальна іншы падыход", накіраваны на стымуляванне працаздольных непрацуючых грамадзян да легальнай занятасці. Прадугледжана, што з 1 студзеня 2019 года такія асобы будуць рабіць аплату субсідаваных дзяржавай паслуг па іх поўным кошце. Канкрэтны пералік такіх паслуг даручана вызначыць ўраду.

Дэкрэт набывае моц з 27 студзеня 2018 года.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН