Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/26/939898_12345/
Дата раздрукоўкі: 06.04.2020 04:02
26.01.2018 13:24 Эканоміка, Грамадства

Следства вызначыла вінаватага ў павышэнні тарыфаў на паслугі ЖКГ у шэрагу абласцей Беларусі

Мінск, 26 студзеня. Следчым камітэтам завершана расследаванне маштабнай справы аб карупцыі ў сістэме ЖКГ.

Як паведамілі ў СК, завяршылася расследаванне крымінальнай справы па абвінавачванні кіраўніка камерцыйных арганізацый у арганізацыі перавышэння службовых паўнамоцтваў і даванні хабараў службовым асобам прадпрыемстваў сістэмы ЖКГ, размешчаных на тэрыторыі Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей.

Крымінальная справа была распачатая па матэрыялах праверкі ГУБЭЗ МУС.

Следствам устаноўлена, што 40-гадовы жыхар Мінскага раёна, дзейнічаючы ад імя падкантрольных яму арганізацый, з 2009 па 2015 гады "рэалізаваў план злачыннай дзейнасцi, якая звязаная з уцягваннем у яе службовых асобаў".

Сем кіраўнікоў раённых прадпрыемстваў сістэмы ЖКГ наўмысна заключылі з камерцыйнымі арганізацыямі, падкантрольнымі абвінавачанаму, дагаворы на пастаўку таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў (у большасці выпадкаў — помпавага абсталявання) па відавочна завышаных цэнах. За спрыяльнае вырашэнне пытання аб заключэнні дамоваў некаторым службовым асобам перадаваліся хабары — працэнт ад агульнай сумы здзелкі.

Вынікам супрацьпраўных дзеянняў кіраўніка камерцыйных структур у саўдзеле са службовымі асобамі стала прычыненне шкоды прадпрыемствам сістэмы ЖКГ на агульную суму больш за 677 тыс. рублёў.

"Важным тут з'яўляецца і тое, што неабгрунтаваныя страты, панесеныя дзяржаўнымі прадпрыемствамі, пацягнулі павышэнне кошту камунальных паслуг для канчатковых спажыўцоў — грамадзян Беларусі", — гаворыцца ў паведамленні СК.

Акрамя таго, на працягу 2009—2011 гадоў мужчына, дзейнічаючы ад імя камерцыйнага прадпрыемства, арганізаваў выраб і распаўсюджванне рэкламных буклетаў, якія ўтрымліваюць загадзя ілжывыя звесткі. Таксама ён паведаміў непраўдзівую інфармацыю аб дзейнасці прадпрыемства журналісту галіновага выдання.

Падчас расследавання канфіскаваная і прааналізаваная дакументацыя, звязаная з арганізацыяй закупак, у тым ліку тая, што яе рэгламентуе. Праведзеныя допыты, вочныя стаўкі, атрыманыя і далучаны да матэрыялаў крымінальнай справы вынікі экспертных даследаванняў.

Дзеянні кіраўніка камерцыйных арганізацый кваліфікаваныя па ч. 1 арт. 250 КК (распаўсюд ілжывай інфармацыі пра тавары і паслугі), ч. 4 арт. 16 і ч. 3 арт. 426 КК (арганізацыя перавышэння службовых паўнамоцтваў), чч. 1 і 2 арт. 431 КК (дача хабару).

Усім фігурантам, службовым асобам прадпрыемстваў сістэмы ЖКГ, выстаўленае абвінавачванне па ч. 3 арт. 426 КК (перавышэнне службовых паўнамоцтваў). Таксама дзеянні шасцярых з іх кваліфікаваныя па арт. 430 КК (атрыманне хабару), а аднаго, акрамя іншага, і на падставе ч. 1 арт. 427 КК (службовы падлог).

Да арганізатара супрацьпраўных дзеянняў і чатырох дырэктараў прадпрыемстваў сістэмы ЖКГ прымененая мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.

Падчас следства фігурантамі пакрыты ўрон, прычынены супрацьпраўнымі дзеяннямі, на суму 64,6 тыс. рублёў, накладзены арышт на іх маёмасць больш як на 569 тыс. рублёў.

У адрас Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі следствам накіравана прадстаўленне аб ліквідацыі прычын і ўмоў, якія спрыялі ўчыненню злачынстваў. Сярод іншага ў ім выкладзеныя прапановы аб забеспячэнні сістэматычнага кантролю за правядзеннем падпарадкаванымі арганізацыямі закупак тавараў, а таксама аб выключэнні выпадкаў лабіравання інтарэсаў канкрэтных юрыдычных і фізічных асоб.

Акрамя таго, прадстаўленні накіраваныя ў Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі і шэраг раённых выканаўчых камітэтаў краіны.

Крымінальная справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239