Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/26/939899_12345/
Дата раздрукоўкі: 06.04.2020 05:31
26.01.2018 11:55 Эканоміка, Грамадства

Урад абяцае спрыяць кожнаму, хто можа падпасці пад дзеянне дэкрэта № 1

Мінск, 26 студзеня. З мэіай развіцця падпісанага прэзідэнтам дэкрэта № 1 аб садзеянні занятасці ў Беларусі будзе створаная рэспубліканская база даных аб незанятым у эканоміцы працаздольным насельніцтве. Урад ставіць задачу спрыяць кожнаму, хто можа трапіць пад дзеянне дэкрэта, заявіў 26 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лабовіч.
Паводле яго слоў, на першым этапе база даных будзе створаная на аснове рэспубліканскіх інфармацыйных рэсурсаў. На другім этапе, ужо на мясцовым узроўні, пройдзе карэкціроўка асноўнай базы з улікам інфармацыі, атрыманай на месцах. "Адпрацоўка базы будзе весціся мясцовымі органамі ўлады з улікам індывідуальнага падыходу да грамадзян для вырашэння іх праблем з працаўладкаваннем", — сказаў чыноўнік.

Ён падкрэсліў, што рэспубліканская база даных аб незанятых у эканоміцы грамадзянах будзе выкарыстаная мясцовымі органамі ўлады "для канкрэтнай выверкі на месцах", і пра тое, што людзі патрапілі ў спісы, яны даведаюцца ад мясцовых органаў улады. "Задача — дайсці да кожнага грамадзяніна, які патэнцыйна можа трапіць у спіс, і максімальна паспрыяць яму ў працаўладкаванні або перанавучанні", — падкрэсліў Лабовіч.

Згодна з дэкрэтам № 1, падпісаным прэзідэнтам 25 студзеня, з 1 студзеня 2019 года незанятыя ў эканоміцы працаздольныя грамадзяне павінны аплачваць паслугі, якія вызначыць урад, па цэнах і тарыфах, якія забяспечваюць эканамічную абгрунтаванасць выдаткаў.

Як адзначыў першы намеснік міністра, пералік такіх паслуг будзе вызначаны рашэннем Савета міністраў да 1 красавіка 2018 года. "Грамадзяне пра гэта даведаюцца загадзя, і гэта можа выступіць сур'ёзным стымулам для насельніцтва да наступнай легалізацыі занятасці. І ў грамадзян будзе час змяніць свой статус", — лічыць чыноўнік.

У 2015 годзе Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства". Ён абавязваў грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны і не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш як 183 каляндарныя дні за год, выплачваць збор у 20 базавых велічынь. Інакш ім пагражаў штраф альбо адміністрацыйны арышт.

Дэкрэт выклікаў абурэнне ў грамадстве і прывёў да масавых вулічных пратэстаў, пік якіх прыйшоўся на вясну 2017 года. Вулічныя акцыі жорстка разганяла міліцыя, іх удзельнікаў штрафавалі і каралі адміністрацыйным арыштам. У выніку Лукашэнка даручыў ураду падрыхтаваць новую версію дэкрэта.

25 студзеня 2018 года Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 1 "Аб садзеянні занятасці насельніцтва", куды не ўвайшлі нормы аб збіранні з працаздольных непрацуючых грамадзян збору на фiнансаванне дзяржвыдаткаў. Пры гэтым асобы, якія раней прызнаваліся плацельшчыкамi гэтага збору, вызваленыя ад яго выплаты.

У паведамленні прэс-службы прэзідэнта гаварылася, што дэкрэтам прадугледжаны "канцэптуальна іншы падыход", накіраваны на стымуляванне працаздольных непрацуючых грамадзян да легальнай занятасці. Прадугледжана, што з 1 студзеня 2019 года такія асобы будуць рабіць аплату субсідаваных дзяржавай паслуг па іх поўным кошце. Канкрэтны пералік такіх паслуг даручана вызначыць ураду.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239