Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/28/939936_220147/
Дата раздрукоўкі: 26.08.2019 07:55
28.01.2018 08:46 Грамадства

Напярэдадні Дня беларускай навукі ўведзеныя ў эксплуатацыю тры новыя аб'екты Беларускай антарктычнай станцыі

Мінск, 28 студзеня. Напярэдадні Дня беларускай навукі, які адзначаюць 28 студзеня, уведзеныя ў эксплуатацыю тры новыя аб'екты Беларускай антарктычнай станцыі, паведаміў начальнік 10-й беларускай антарктычнай экспедыцыі Аляксей Гайдашоў ў сваім віншаванні, накіраваным на адрас Нацыянальнай акадэміі навук з нагоды прафесійнага свята.

Гайдашоў адзначае, што ў снежні—студзені супрацоўнікі экспедыцыі "ў вельмі складаных кліматычных і прыродных умовах правялі мантажныя і пусканаладачныя работы па далейшым развіцці беларускай палярнай інфраструктуры".

"Паспяхова рэалізуюцца значныя навуковыя праграмы і праекты, чым забяспечваецца добры зачын для ўмацавання матэрыяльнай і навуковай базы беларускіх даследаванняў у Антарктыцы, — цытуе пасланне прэс-служба НАНБ. — 25 студзеня, напярэдадні Дня беларускай навукі, уведзеныя ў эксплуатацыю тры новыя аб'екты нацыянальнай даследчай станцыі, а чарговым супрацоўнікам беларускай антарктычнай экспедыцыі перададзеныя сімвалічныя ключы ад сучасных навуковых лабараторый, службовых і жылых памяшканняў".

Начальнік экспедыцыі перакананы, што стварэнне Беларускай антарктычнай станцыі (БАС), "без перабольшання, можна лічыць значным і паспяховым нацыянальным праектам, што не саступае па навізне навукова-тэхнічных рашэнняў і ўмовах рэалізацыі праектам па стварэнні арбітальных навуковых станцый". "Пры яе праектаванні і будаўніцтве знайшлі практычнае ўвасабленне перадавыя айчынныя навуковыя ідэі і смелыя інжынерныя рашэнні, і ствараецца яна — рукамі беларусаў", — падкрэслівае Гайдашоў.

Ён паведаміў, што ў гонар прафесійнага свята на флагштоках беларускай даследчай станцыі ў Антарктыдзе ўзняты дзяржаўны сцяг Беларусі і сцяг Нацыянальнай акадэміі навук.

Дзясятая беларуская антарктычная экспедыцыя ў складзе сямі чалавек стартавала 8 лістапада 2017 года для працягу работ па будаўніцтве БАС і правядзення навуковых даследаванняў у межах дзяржпраграмы асваення Антарктыды. Перад членамі экспедыцыі пастаўленыя задачы: правесці маніторынг навакольнага асяроддзя ў месцы базавання станцыі; даследаваць стан азонасферы, ультрафіялетавай радыяцыі, клімату і іншых прыродных параметраў Антарктыды, а таксама наземныя і марскія біялагічныя рэсурсы кантынента для ацэнкі перспектыў іх далейшага выкарыстання. Экспедыцыі таксама трэба правесці выпрабаванне распрацаваных спецыяльна для Антарктыкі прыбораў па даследаванні снежнага і ледзянога покрыва, воднага асяроддзя, атмасферы, горных парод, зямной паверхні і марскога дна з мэтай ацэнкі мінеральнага патэнцыялу.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН