Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/28/940067_12345/
Дата раздрукоўкі: 26.08.2019 07:43
28.01.2018 13:03 Грамадства, Эканоміка

Акадэмік Чыжык: Навукоўцы павінны мець магчымасць ствараць бізнес на падставе сваіх даследаванняў

Мінск, 28 студзеня. Беларускія навукоўцы павінны мець магчымасць ствараць свае кампаніі і выбудоўваць бізнес на падставе ўласных даследаванняў, як гэта робіцца ў іншых краінах. Такое меркаванне выказаў у інтэрв'ю БелаПАН першы намеснік старшыні прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Беларусі Сяргей Чыжык напярэдадні Дня беларускай навукі, які адзначаецца 28 студзеня.
Ён прывёў у прыклад Германію, дзе многія прафесары валодаюць уласнымі фірмамі, і Паўднёвую Карэю, у якой навукоўцам даецца права на працягу трох гадоў сумяшчаць працу ў навуковай арганізацыі і ўпраўленне ўласнай кампаніяй.

"Мы павінны да гэтага імкнуцца, не асуджаць, а заахвочваць, — перакананы акадэмік. — Часам распрацоўка можа быць вельмі рызыкоўнай і яе цяжка рэалізаваць на вялікіх прадпрыемствах, а на малых — такая рызыка дапушчальная. Калі малое прадпрыемства пацерпіць няўдачу і разваліцца, то гэта будзе мець не такія вялікія наступствы, чым калі мы ўкладзем шмат грошай у стварэнне цэлай маштабнай вытворчасці няўдалай распрацоўкі".

Паводле слоў Чыжыка, "патрэбныя пэўныя заканадаўчыя акты, якія б дапамаглі навуковым распрацоўкам умацоўваць эканоміку, нават калі іх будуць рэалізоўваць у сферы бізнесу". "Нічога дрэннага ў гэтым няма. Распрацоўка павінна працаваць", — падкрэсліў ён.

Кажучы аб узроўні фінансавання айчыннай навукі, Чыжык адзначыў: для забеспячэння нацыянальнай тэхналагічнай бяспекі выдаткі на навукова-даследчую дзейнасць і навуковыя распрацоўкі Акадэміі навук павінны быць на ўзроўні 1% у адносінах да ВУП. Аднак у Беларусі гэтая лічба пакуль нашмат ніжэйшая. Так, паводле звестак Белстата, з 2011-га па 2016 год расходы на навуку знізіліся з 0,67% да 0,5% і нязначна павялічыліся ў 2017-м — да 0,52%.

"Але трэба разумець, што ў іншых краінах фонды, з якіх выдаткоўваюцца грошы на навуку, часцяком складаюцца не толькі і не столькі са сродкаў бюджэту, колькі са сродкаў буйных кампаній, якія могуць сабе гэта дазволіць, — звярнуў увагу намеснік кіраўніка НАН. — Напрыклад, кампанія Huawei, абарот якой складае 80 мільярдаў долараў, 10% прыбытку аддае на навуку — гэта мільярды долараў. Вядома, нам пра такія грошы можна толькі марыць".

"Нам у гэтым плане трошкі складаней, паколькі ў Беларусі пакуль няма такіх магутных фірмаў, якія гатовыя і могуць укладваць у навуку прыстойныя сродкі. Але, я думаю, яны з'явяцца. Ужо сёння ёсць кампаніі, якія развіваюць сваю фірмовую навуку — напрыклад, "АДАНI", "Ізавак". Дзясятак такіх кампаній у Беларусі набярэцца. Гэта таксама ўклад у навукаёмістасць ВУП краіны", — падкрэсліў Сяргей Чыжык.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН