Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/28/940069_940134_123456/
Дата раздрукоўкі: 15.11.2019 00:39
28.01.2018 13:15 Грамадства

Акадэмік Чыжык: Беларускія навукоўцы-эмігранты маглі б стаць паўнамоцнымі прадстаўнікамі НАН для прасоўвання інтарэсаў айчыннай навукі

Мінск, 28 студзеня. Праблема "ўцечкі мазгоў" з Беларусі сёння стаіць "не так востра", заявіў у інтэрв'ю БелаПАН першы намеснік старшыні прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Сяргей Чыжык.

"Вядома, ёсць людзі, якія могуць паехаць за мяжу, — сказаў акадэмік. — Але калі раней, як мне здаецца, сярод моладзі ўсім хацелася паехаць з краіны, то цяпер гэта не так. Сёння мы адкрытыя — ездзім, бачым розныя краіны. Калі ты вучоны, то дакладна ўдзельнічаў у замежных канферэнцыях або дзесьці стажыраваўся. Так, ёсць плюсы працы за мяжой, але яны не настолькі пераважаюць, каб усё кінуць і паехаць. Я думаю, многія разумеюць, што трэба працаваць і развіваць навуку тут, у Беларусі. Калі хтосьці знайшоў сваю нішу ў навуцы, ён будзе лепш адчуваць сябе дома".

Больш за тое, дадаў Чыжык, у НАН адзначаюць тэндэнцыю, калі беларускія вучоныя вяртаюцца дадому. "Цалкам адарвацца ад каранёў нельга, а што ні кажы, там, за мяжой, ты ўсё роўна доўга будзеш чужым", — лічыць вучоны.

Што да беларускіх вучоных, якія эмігравалі за мяжу, то яны, на думку Чыжыка, маглі б стаць паўнамоцнымі прадстаўнікамі Нацыянальнай акадэміі навук — свайго роду ганаровымі вучонымі пасламі Беларусі ў краінах свайго пражывання.

"Калі мы зможам аднавіць кантакты з былымі супрацоўнікамі, студэнтамі, прапанаваць ім свайго роду творчае супрацоўніцтва, то гэта, я думаю, дапаможа нам пашырыць нашы міжнародныя сувязі. У іх не будзе нейкіх абавязацельстваў, але будуць дакументы аб тым, што яны прадстаўляюць Нацыянальную акадэмію навук, рэкламуюць яе, шукаюць кантакты. Гэта дазволіць ім як прадстаўнікам Беларусі праводзіць інтарэсы нашай навукі і краіны ў цэлым. Гэта важны момант, думаю, мы будзем гэта рабіць", — заявіў віцэ-старшыня НАН.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН