Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/28/940070_123456/
Дата раздрукоўкі: 15.11.2019 01:34
28.01.2018 13:36 Грамадства

Навукова-тэхнічны парк "Акадэмтэхнаград" можа быць створаны на працягу гэтага года

Мінск, 28 студзеня. Новы навукова-тэхнічны парк Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — "Акадэмтэхнаград" — можа быць створаны на працягу 2018 года, паведаміў у інтэрв'ю БелаПАН першы намеснік старшыні прэзідыума НАН Сяргей Чыжык.

"Вядома, да яго стварэння пакуль далёка, ён шмат у чым яшчэ прапрацоўваецца на ўзроўні ідэі, юрыдычных і эканамічных нюансаў. Аднак калі мы не будзем прэтэндаваць на асаблівыя [падатковыя] перавагі і статус [нацыянальнага тэхналагічнага парка], то на працягу гэтага года, я думаю, мы яго створым", — сказаў акадэмік.

Паводле яго слоў, дзякуючы такім тэхнапаркам, як створаны "БелБіяград" і намечаны на перспектыву "Акадэмтэхнаград", а таксама навукова-вытворчым прадпрыемствам, якія ўзнікаюць на іх аснове, фарміруецца "інавацыйны пояс Акадэміі навук". Падобнымі паясамі акружаюць сябе шматлікія буйныя ўніверсітэты і навуковыя арганізацыі ў Азіі і на Захадзе, дадаў Чыжык.

"Вядома, напрошваецца яшчэ тэхнапарк у аграрнай сферы, але гэтай сферай займаецца Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Акрамя таго, тыя ж аграрыі часткова ўвойдуць у "БелБіяград", часткова — у "Акадэмтэхнаград". Я думаю, што калі будуць паўнавартасна працаваць два гэтыя тэхнапаркі, гэта шмат у чым закрые інавацыйны пояс. У іншых сферах можна будзе працаваць праз міжгаліновыя лабараторыі — форму навуковага супрацоўніцтва, якая, дарэчы, узнікла ў Год навукі", — падкрэсліў вучоны.

Упершыню пра "Акадэмтэхнаград" як пра новы навукова-тэхнічны парк, які будзе аб'ядноўваць усе напрамкі даследаванняў, распрацовак і вытворчасці ў галіне тэхнікі і інжынерыі, заявіў на прэс-канферэнцыі 23 студзеня ў Мінску старшыня прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН