Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/29/940212_940213/
Дата раздрукоўкі: 22.11.2019 08:09
29.01.2018 12:14 Грамадства, Эканоміка

За год колькасць выпадкаў хабарніцтва ў Беларусі павялічылася ў паўтара разу

Мінск, 29 студзеня. Паводле даных афіцыйнай статыстыкі, у 2017 годзе ў Беларусі зафіксаваны рост колькасці карупцыйных злачынстваў. Распаўсюджванню карупцыі, адзначаюць аналітыкі, спрыяе высокая доля дзяржуласнасці і актыўнае ўмяшальніцтва дзяржавы ў эканамічныя працэсы.
Так, летась былі выяўленыя 1.922 выпадкі хабарніцтва, што на 53,3% больш за паказчык 2016 года.

Рост колькасці выпадкаў хабарніцтва адзначаўся і ў 2016 годзе — на 12,8% у параўнанні з 2015-м.

Іншых злачынстваў карупцыйнага характару ў 2017 годзе таксама стала больш. Паводле даных афіцыйнай статыстыкі, зафіксавана 839 выпадкаў крадзяжоў шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (на 7,2% больш у параўнанні з 2016 годам) і 332 выпадкі злоўжывання ўладай або службовымі паўнамоцтвамі (на 22,5% больш).

Паводле ацэнкі прадстаўнікоў бізнесу, карупцыя застаецца досыць распаўсюджанай з'явай у Беларусі. Такое меркаванне выказалі ў 2017 годзе падчас апытання, якое праводзілася па замове Даследчага цэнтра ІПМ, траціна рэспандэнтаў (усяго было апытана больш за 400 прадстаўнікоў малых і сярэдніх прадпрыемстваў).

"Карупцыя павялічвае выдаткі бізнесу і затым, як правіла, яны прыводзяць да павелічэння кошту рэалізаванай прадукцыі і аказваных паслуг. Таму натуральна, што мы, цікавячыся ў малых і сярэдніх прадпрыемстваў умовамі вядзення бізнесу, задавалі пытанне і адносна карупцыі", — адзначыў у каментары БелаПАН старшыня наглядальнага савета Даследчага цэнтра ІПМ Ігар Пеліпась.

Паводле яго слоў, 22,6% рэспандэнтаў падчас апытання паказалі на шырокае распаўсюджванне карупцыі, а 8,1% — на паўсюдную прысутнасць гэтай з'явы.

Аналагічнае меркаванне пацвярджаюць і іншыя даследаванні. Напрыклад, падчас апытання, праведзенага ў 2017 годзе Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі, 45,5% апытаных заявілі, што карупцыя прысутнічае ў беларускім грамадстве. З іх 31,5% адзначылі, што яна "распаўсюджаная дастаткова шырока", 14% — "паўсюдна".

На думку экспертаў, распаўсюджванню карупцыі спрыяе існуючая структура эканомікі, якая характарызуецца высокай доляй дзяржуласнасці і удзелам дзяржавы ў многіх эканамічных працэсах. "Карупцыя заўсёды большая ў тых краінах, у якіх вышэйшая доля дзяржавы ў эканоміцы. Дзяржпраграмы, вялікія аб'ёмы дзяржзакупак — усё гэта спрыяе павелічэнню карупцыі. Зніжэнне долі дзяржавы ў эканоміцы — дастаткова эфектыўны несілавы метад барацьбы з гэтым злом", — падкрэсліў Ігар Пеліпась.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН