Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/31/940542_445966/
Дата раздрукоўкі: 07.08.2020 17:38
31.01.2018 08:25 Грамадства

16-гадовы Віталь Цітоў стаў пераможцам апытання БелаПАН "Беларус года — 2017"

Мінск, 31 студзеня. 16-гадовы першакурснік Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 9 аўтамабілебудавання Віталь Цітоў стаў пераможцам апытання "Беларус года — 2017", праведзенага ў студзені інфармацыйнай кампаніяй БелаПАН. 28 кастрычніка на той час 15-гадовы падлетак выратаваў дзевяцігадовага хлопчыка, чацвёртакласніка Антона Драздоўскага, які тануў у Свіслачы.

Цітоў атрымаў 25 балаў (5 першых месцаў і 5 другіх). За першае месца налічваліся 3 ачкі, за другое — 2, за трэцяе — 1.

Другі радок заняў адзін з лідараў апазіцыі Дзмітрый Дашкевіч — 21 ачко (5, 2, 2), трэцім стаў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур — 20 ачкоў (5, 2, 1).

У першую дзясятку ўвайшлі таксама міністр замежных спраў Уладзімір Макей (19 ачкоў); IT-прадпрымальнік адзін з ініцыятараў дэкрэта прэзідэнта № 8 "Аб развіцці лічбавай эканомікі" Віктар Пракапеня (18); Аляксандр Лукашэнка; лёгкаатлетка Віялета Скварцова, якая пакінула вышэйшую прыступку п'едэстала гонару з-за выканання чужога гімна; старшыня савета міжнароднага грамадскага аб'яднання "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" грамадскі прадстаўнік сем'яў фігурантаў "справы патрыётаў" Ніна Шыдлоўская (па 13); Святлана Коржыч, маці загінулага ў Печах салдата Аляксандра Коржыча, (12); ініцыятар курсаў беларускай мовы "Мова нанова" Глеб Лабадзенка і зборны вобраз "(не)дармаеда" (па 10).

Апытанне было праведзенае сярод 70 вядомых людзей у сферы палітыкі, эканомікі, культуры, медыя і інш. Ім было прапанавана назваць тройку кандыдатаў. Калі рэспандэнту было складана назваць траіх, дазвалялася назваць двух або аднаго, таксама можна было назваць некалькі прэтэндэнтаў на адно месца.

Сярод удзельнікаў апытання — лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім і Вадзім Дзевятоўскі, музыкант Лявон Вольскі, драматург і кінасцэнарыст Андрэй Курэйчык, IT-прадпрымальнік Віктар Пракапеня, галоўныя рэдактары газет "Народная воля" Іосіф Сярэдзіч і "Советская Белоруссия" Павел Якубовіч.

Віталя Цітова ў сваіх адказах назвалі Алена Анісім, навуковец і дэпутат Вярхоўнага Савета СССР Юрый Варонежцаў, гендырэктар агенцтва Минск-Новости Кацярына Дубінская, дырэктар камунікацыйнага агенцтва "АГТ-Беларусь" Ірына Імсагулава, галоўны рэдактар газеты "Прессбол" Сяргей Кайко, паэт Уладзімір Някляеў, дырэктар Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ Давід Ротман, галоўны рэдактар "Народной газеты" Ігар Савосценка, кінарэжысёр Юрый Хашчавацкі і эканамічны аналітык Сяргей Чалы.

Цалкам вынікі апытання — у інтэрнэт-газеце БелаПАН Naviny.by ("Белорусские новости"). Там жа сёння будзе апублікаванае інтэрв'ю з пераможцам.

Упершыню апытанне "Беларус года" было праведзенае ў 2015 годзе сярод 50 экспертаў. Яго пераможцам стала лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч. У 2016-м беларусам года быў названы Дзмітрый Дашкевіч (60 рэспандэнтаў).
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239