Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/01/31/eu_eu_940754_940755/
Дата раздрукоўкі: 26.08.2019 07:40
31.01.2018 19:42 Грамадства, Беларусь — Eўрасаюз

Урад Літвы адтэрмінаваў адкліканне дзейнай ліцэнзіі ЕГУ

Мінск, 31 студзеня. Урад Літвы падтрымаў прапанову Міністэрства асветы і навукі аб адтэрміноўцы адклікання дзейнай ліцэнзіі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ, Вільнюс), паведамілі БелаПАН у дэпартаменце грамадскіх сувязяў літоўскага кабінета міністраў.

"Урад Літвы прыняў рашэнне падтрымаць прапанову Міністэрства асветы і навукі аб адтэрміноўцы адклікання дзейнай ліцэнзіі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) да 1 ліпеня 2019 года. Такое рашэнне дазволіць універсітэту працягнуць працу ў штатным рэжыме і падаць заяву на атрыманне новай ліцэнзіі. Чакаецца, што новая ліцэнзія будзе выдадзена ўніверсітэту да 2018/19 навучальнага года", — паведамілі БелаПАН у дэпартаменце.

Кіраўнік па камунікацыях і маркетынгу ЕГУ Максімас Мілта растлумачыў, што рашэнне было прынята падчас нарады ўрада 31 студзеня. Мілта адзначыў, што ў гэтым годзе навучальны працэс у ЕГУ будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасці з зацверджаным акадэмічным графікам.

"Кіраўнічы савет ЕГУ вітае канструктыўныя вынікі нарады ўрада Літвы, якія дазваляюць ажыццяўляць далейшую працу беларускаму універсітэту ў выгнанні ў Вільнюсе. Кіраўніцтва ЕГУ падасць уладам Літвы афіцыйную заяву аб выдачы новай ліцэнзіі", — сказаў Мілта.

Раней кіраўніцтва ЕГУ накіравала Міністэрству асветы і навукі афіцыйную прапанову, якая ўключае план дзеянняў, прысвечаных выкананню рэкамендацый Цэнтра ацэнкі якасці адукацыі. Цэнтр даў адмоўную ацэнку дзейнасці ЕГУ ў 2017 годзе, у прыватнасці стратэгічнаму менеджменту і навуковай дзейнасці. Станоўча ацэнены такія аспекты дзейнасці ЕГУ, як навучанне на працягу ўсяго жыцця і ўплыў на развіццё рэгіёнаў і краіны ў цэлым.

Першая інстытуцыйная ацэнка ЕГУ адбылася ў 2014 годзе і мела таксама адмоўны вынік. А згодна з літоўскім законам аб навучанні і навуцы, калі ВНУ двойчы атрымлівае негатыўныя ацэнкі, міністр вырашае пытанне аб адмене дазволу на ажыццяўленне ім адукацыйнай дзейнасці.

Цяпер у ЕГУ праходзіць конкурс на замяшчэнне пасады рэктара. Студэнцкае прадстаўніцтва паведамляе, што "кандыдат, абраны на пасаду рэктара ЕГУ, прыняў умовы супрацоўніцтва з універсітэтам, але яго імя не будзе названае да завяршэння працэсу акрэдытацыі".

ЕГУ быў адкрыты ў Мінску ў 1992 годзе. У 2004-м беларускія ўлады, незадаволеныя самастойнасцю яго кіраўніцтва, закрылі ВНУ. У 2005 годзе ЕГУ аднавіў працу ў Вільнюсе ў статусе беларускага ўніверсітэта ў выгнанні. За 12 гадоў працы ў Вільнюсе выпускнікамі ЕГУ сталі 2.124 чалавекі. У 2017/18 акадэмічным годзе ў ЕГУ навучаюцца 847 студэнтаў, 95% з'яўляюцца грамадзянамі і рэзідэнтамі Беларусі.
Алена Спасюк, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН