Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/01/940832_12345/
Дата раздрукоўкі: 09.12.2019 11:43
01.02.2018 12:34 Грамадства, Эканоміка

Міністр аховы здароўя: Ні пра якую поўную кампенсацыю затрат на меддапамогу непрацуючымі мы не кажам

Мінск, 1 лютага. Ні пра якую стопрацэнтную кампенсацыю насельніцтвам медыцынскіх паслуг не можа быць гаворкі, заявіў міністр аховы здароўя Валерый Малашка журналістам 1 лютага ў Мінску перад пачаткам выніковай калегіі Міністэрства аховы здароўя за 2017 год. Так ён пракаментаваў інфармацыю аб магчымым увядзенні стопрацэнтнай аплаты за медыцынскую дапамогу для непрацуючых грамадзян.
25 студзеня 2018 года Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 1 "Аб садзеянні занятасці насельніцтва". Прэс-служба прэзідэнта паведаміла, што дэкрэтам прадугледжаны "канцэптуальна іншы падыход", накіраваны на стымуляванне працаздольных непрацуючых грамадзян да легальнай занятасці. Так, з 1 студзеня 2019 года такія асобы будуць аплачваць субсідаваныя дзяржавай паслугі па іх поўным кошце. Пералік гэтых паслуг даручана вызначыць ураду.

"Сёння ні пра якую кампенсацыю выдаткаў на медыцынскую дапамогу мы не гаворым, — падкрэсліў міністр. — Задача сацыяльнай палітыкі, і прэзідэнт пра гэта сказаў не раз, — абавязак забяспечыць роўны доступ усіх грамадзян нашай краіны да медыцынскіх паслуг і аказання меддапамогі".

Малашка дадаў, што больш ён гэтае пытанне каментаваць не будзе. "Гэтая тэма не абмяркоўваецца і не абмяркоўвалася, — сказаў ён. — А калі на нейкім канале або ў нейкай газеце хтосьці пра гэта кажа, то не чытайце тых газет".

Выступаючы з дакладам на калегіі, міністр асабліва адзначыў важнасць даступнасці медыцынскай дапамогі ў вёсцы. "Аказанне платнай меддапамогі ў сельскай мясцовасці павінна быць зведзенае да мінімуму", — сказаў ён.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН