Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/01/940840_12345/
Дата раздрукоўкі: 13.12.2019 14:49
01.02.2018 14:18 Грамадства

Лукашэнка: Судовыя эксперты павінны быць крыштальна сумленнымі і аб'ектыўнымі

Мінск, 1 лютага. Судовыя эксперты павінны быць крышталёва сумленнымі і аб'ектыўнымі, заявіў 1 лютага ў Мінску Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Андрэем Шведам.

"Я хачу, каб вы былі крышталёва чыстыя ў гэтых адносінах. Вельмі вас прашу. Так, як вы калісьці (я вам вельмі ўдзячны), імгненна ўзяўшы ў свае рукі ў няпростыя часы крымінальную справу па выбуху ў метро, расследавалі яго. Я колькі буду жыць, буду памятаць. Гэта найвялікшы ваш здабытак. Таму глядзіце, каб судова-медыцынскія эксперты былі крышталёва сумленнымі. Трэба разумець, што калі ты сфальсіфікаваў супраць кагосьці і ва ўгоду камусьці экспертызу, Гасподзь цябе пакарае. Рана ці позна цябе жыццё пакарае", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, ці справіўся ДКСЭ з пераўтварэннем разрозненых структур у адзіную вертыкальную структуру і праблемамі, якія раней мелі месца. "Я апошнім часам нямала займаўся крыміналістыкай, можна сказаць, калі ў агульным аб'ёме. Рознага роду крымінальнымі справамі. Што граху таіць, у нас яшчэ грамадства такое, што страшных крымінальных спраў дастаткова. Я маю на ўвазе перш за ўсё звязаных з забойствамі, згвалтаваннямі, здзекамі з людзей і іншымі цяжкімі крымінальнымі справамі, — адзначыў Лукашэнка. — і нашы судмедэксперты — гэта цэнтральныя людзі пры расследаванні такіх крымінальных спраў. У вас на ўзбраенні самая сучасная тэхніка. Вядома, гэта дарагія працэдуры, але яны вельмі важныя пры ўсталяванні ісціны пры правапарушэннях".

"Не дай бог нам памыліцца пры высвятленні абставінаў. А яшчэ горш — сфальсіфікаваць экспертызу — гэта катастрофа. Мы зараз нададзім гэтаму асаблівую ўвагу, кантралюючы працу вашага ведамства. Мы не можам зруйнаваць лёс чалавека", — дадаў прэзідэнт.

Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз створаны ў адпаведнасці з указам прэзідэнта № 202 ад 22 красавіка 2013 года. 1 ліпеня таго ж года ён пачаў працу. З моманту заснавання ўзначальвае камітэт Андрэй Швед.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН