Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/01/940847_940848/
Дата раздрукоўкі: 11.12.2019 23:38
01.02.2018 14:08 Грамадства

СК: Шкода ад дзейнасці ў сацсетках груп "Маргарытка Маргарытка" склала больш за 1,7 млн рублёў

Мінск, 1 лютага. Галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэта Беларусі завяршаецца расследаванне крымінальнай справы па абвінавачанні дзвюх жыхарак Мінска, 1968 і 1989 гадоў нараджэння, у махлярстве, учыненым у асабліва буйным памеры, паведаміла прэс-служба СК.

Нагадаем, паводле дадзеных праваахоўнікаў, маці і дачка, маючы намер на завалоданне маёмасцю грамадзян шляхам падману, не маючы намеру выконваць прынятыя на сябе абавязацельствы, стварылі ў пачатку 2015 года ў сацыяльных сетках групы пад назвай "Маргарытка Маргарытка". У іх яны прапаноўвалі набыць розныя тавары па цэнах значна ніжэйшых за рыначныя. Для ажыццяўлення замовы неабходна было пералічыць поўны кошт пакупкі на адзін з разліковых рахункаў, падкантрольных жанчынам. У большасці выпадкаў пасля пералічэння грашовых сродкаў тавар да пакупнікоў так і не даходзіў.

Паводле звестак Следчага камітэта, дзейнасць па продажы тавараў у сацсетках малодшая фігурантка пачала яшчэ ў 2014 годзе. У далейшым у міліцыю звярнуліся каля сотні пацярпелых ад яе дзеянняў. Па выніках расследавання Партызанскім (горада Мінска) РАСК крымінальнай справы судом у 2015 годзе быў вынесены прысуд па артыкуле "махлярства" — чатыры гады пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады, паколькі падчас следства абвінавачваная зацяжарыла. Аднак супрацьпраўныя дзеянні маладая жанчына аднавіла сумесна са сваёй маці, зарэгістраваўшы на апошнюю прыватную фірму.

Пацярпелымі па крымінальнай справе прызнаныя больш за 1.200 чалавек. Агульная сума нанесенай дзеяннямі абвінавачваных шкоды склала больш за 1,7 млн рублёў.

Устаноўлена, што большасць пацярпелых з'яўляюцца жыхарамі Мінска і Слуцка. Пры гэтым значная іх частка — маладыя жанчыны, якія знаходзіліся ў сацыяльным адпачынку па доглядзе дзяцей да трох гадоў.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН